mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


1. Што дае мне Беларуская Мова?

Сьвятлана, выкладчыца музыкі

Сваю родную беларускую мову я заўсёды ведала (тым болей, што маю філялягічную адукацыю), але карыстаюся ёю актыўна апошнія гадоў пятнаццаць. У мяне, як і ў шмат каго, таксама быў "расейскамоўны" пэрыяд і гэта, калі глядзець праўдзе ў вочы, было непазьбежнасьцю ў савецкія часы, бо ў Беларусі - ва ўмовах татальнай русіфікацыі гарадзкога насельніцтва - беларускамоўныя асяродкі калі дзе й існавалі, то мы, звычайныя людзі, аніякага доступу да іх ня мелі. Апошнім жа часам, асабліва з набыцьцём краінай незалежнасьці, становішча радыкальна зьмянілася і нашая мова, хоць і не набыла яшчэ вольнага дзяржаўнага гучаньня, але прысутнічае ўжо сёньня ў грамадзтве, няхай пакуль яшчэ як нейкая альтэрнатыва больш прывычнаму і распаўсюджанаму расейкамоўю.

Першае, што дае мне родная мова, як і кожнаму чалавеку - прадстаўніку свайго народу - гэта, калі можна так сказаць - самаідэнтыфікацыя. Калі мы прыйшлі ў сьвет беларусамі, то па Божай задуме, павінны і быць імі - на гэтай зямлі і з гэтай мовай. З беларускай мовай мы робімся самі сабой, знаходзім сябе, сустракаемся з сабой сапраўднымі. Што гэта значыць, я ў свой час добра на сабе адчула - у сваім уласным сэрцы, у сваім характары.

Толькі з роднай мовай я адчула сябе па-сапраўднаму беларускай. Таму я ня веру, што можна быць патрыётам і пры гэтым сваёй мовы ня ведаць. Такое дапушчэньне цалкам адмаўляецца маім уласным досьведам. Толькі родная мова дае сапраўднае, глыбіннае адчуваньне сваёй Радзімы, бо яна й ёсьць квінтэсэнцыяй, канцэнтратам усяго беларускага духу, мэнталітэту гэтага народу, асаблівага, уласнабеларускага сьветагляду. Беларуская мова - аснова, сэрцавіна ўсіх пластоў нашае культуры, народнага і прафэсійнага мастацтва, літаратуры, гісторыі. Яна абуджае ў чалавеку цікавасьць да ўсяго свайго, бо разумееш - усё гэта тваё крэўнае, частка цябе самога. Мова нібы адкрывае табе Беларусь ва ўсіх яе праявах і глыбінях, нібыта чароўная папараць-кветка, якая адмыкае скарбы. Родная мова дала мне ў свой час нейкі такі творчы імпульс, бо я спрабавала пісаць вершы, і, калі рабіла гэта па-расейску, то адчувала пэўную абмежаванасьць у тэмах і вобразах. Увесь навакольны матэрыяльны сьвет нібы не паддаваўся паэтычнаму асваеньню, бо, нельга ж, пагадзіцеся, пісаць беларусу ў сваіх вершах "деревня", "рожь", "сирень", "клюква" (тое ж можна сказаць і пра прыметнікі ды дзеясловы), бо гэта гучыць фальшыва. На нашай зямлі ўсё мае Свае назвы, а ў іх Свой дух, Свая вобразнасьць, Свая энэргетыка. Бяз роднай мовы ў літаратуры існаваць немагчыма, бо застаешся нямым і глухім. Той, хто спрабуе пісаць у Беларусі па-расейску - альбо затанае ў драбнатэм'і, альбо лезе на хадулі, альбо займаецца перапевамі, перайманьнем, чымсьці другасным.

У той жа час, беларуская мова, як мова паэзіі, можна сказаць, па-за канкурэнцыяй, бо яна надзвычай спрыяльная для паэтычнай творчасьці. Яна натуральная (напрыклад, у параўнаньні з расейскай, больш штучнай, перапоўненай грувасткімі стараславянізмамі), сьвежая і не зашмальцаваная празьмерным ужываньнем, асабліва ў літаратуры), вобразная, гнуткая і шматварыянтная (ня ўсё яшчэ ў ёй канчаткова склалася і закасьцянела), зручная для рыфмаваньня (тут палякам можна толькі паспачуваць). Зразумела, чаму ў Беларусі гэтак шмат паэтаў - сама мова правакуе на вэрсіфікатарства! А незвычайную вобразнасьць беларускае мовы асабліва востра адчуваеш пры пераходзе на яе з расейскай. Возьмем, да прыкладу, назвы месяцаў. У расейскім календары прынятыя лацінскія назвы, а яны мёртвыя для нашага вуха, аніякіх асацыяцыяў не выклікаюць. І якія ж жывыя назвы месяцаў у беларускай мове, як паэтычна гучаць: сьнежань, люты, красавік, ліпень, верасень, лістапад! Такія прыклады можна было б доўжыць. Тут важна, што моўная творчасьць народу дадаецца да творчасьці кожнага, хто спрабуе працаваць са словам, яна адорвае яго сваім багацьцем, вобразнасьцю, сілай. Таму, магчыма, усё значнае ў беларускай літаратуры напісана па-беларуску.

Хачу зрабіць акцэнт яшчэ на такім вось аспэкце гэтае тэмы. Неяк на выставе жывапісу аднаго сучаснага беларускага мастака зьвярнула на сябе ўвагу тое, што назвы ўсіх карцін падаваліся па-расейску, але адна зь іх усё ж гучала па-беларуску: "Мой родны кут". І ня дзіва, бо як тут па-расейску скажаш? "Мой родной уголок"? Гэты выраз стаў крылатым дзякуючы Якубу Коласу, на нашай мове ён нясе ў сабе той глыбінны сэнс і сымбалічнасьць, якія губляюцца пры перакладзе. Перакладчык паэмы "Новая зямля" на расейскую мову меў тут праблему. С.Гарадзецкі гэтак падае пераклад коласаўскага радка: "О, детства уголок мой милый..." Зразумела, гэта вымушаны варыянт, і страта сэнсавай напоўненасьці тут відавочная.

У кожнай мове ёсьць шмат такога, што даслоўна не перакладаецца, у гэтым іх унікальнасьць і непаўторнасьць, і ўрэшце, сэнс іх існаваньня. Таму, калі кажуць: "Якая розьніца на якой мове гаварыць?" - напрошваецца адказ, - "Розьніца вялікая, бо толькі з нашай беларускай мовай мы не губляем свой унікальны і непаўторны беларускі погляд на сьвет".

Чалавек, а часам і цэлы народ, як у нас, з чужой мовай жыве нібыта чужым розумам. Адсюль у нас часта сутыкаешся з непаразуменьнямі нават там, дзе размова ідзе пра нейкія элемэнтарна-простыя рэчы. Нашыя людзі, выхаваныя ў адрыве ад сваёй роднае мовы, нібы пазбаўленыя тых крыніц, якія б наталялі іхнія духовыя сілы. Кожны з нас - часьцінка свайго народу, нібыта кропля ў моры, якая адначасова і ўсё мора, неадрыўная ягоная часьцінка. А бяз мора кропля і ёсьць кропля, яна высыхае.

Зь беларускай мовай я адчуваю сваю эўрапейскасьць. Як прадстаўніца свайго народу я роўная грамадзянам усіх іншых краінаў - палякам, чэхам, французам, тым жа расейцам. Са сваёй моваю мы стаім нароўні зm імі, а безь яе - падначаленыя, залежныя, нібы нейкі прыдатак (ці не адсюль упэўненасьць многіх беларусаў, што "без России мы не проживём"). Такія вось "несапраўдныя расейцы", людзі, якія самі сабой быць ня хочуць - жыць сваім уласным самастойным жыцьцём і сваім розумам - а аддаюць перавагу ўтрыманству (фізычнаму і духоўнаму).

Многія беларусы, выхаванцы савецкай сыстэмы зь ейнай моўнай уніфікацыяй, лічаць сябе носьбітамі расейскае культуры. Пры гэтым часам нават інтэлігентныя людзі застаюцца надзіва глухімі да ўсяго свайго, беларускага, часам нават пражыўшы тут усё жыцьцё, ня ведаюць па-беларуску й двух словаў. Такое ўражаньне, што яны баяцца, каб беларуская мова іх чагосьці не пазбавіла. На самой жа справе яны губляюць унікальную магчымасьць (бо лёгкую і натуральную) стаць сапраўды двухмоўнымі. Што гэта дае? Як вядома, колькі моваў чалавек ведае, столькі разоў ён чалавек. Нашае беларуска-расейскае двухмоўе (калі яно ёсьць) дае такую своеасаблівую стэрэаскапічнасьць, якая дазваляе ўбачыць рэчы больш аб'ёмна, з розных бакоў, атрымаць больш поўную, усебаковую інфармацыю пра іх. А гэта зьяўляецца магутным чыньнікам росту духоўных сіл, праяўленьня прыхаваных, дагэтуль нявыяўленых магчымасьцяў і здольнасьцяў. Пра гэта вам скажуць многія, хто з роднай беларускай мовай атрымаў нібы другое дыханьне, дадатковы імпульс для жыцьця і творчасьці.

Трэба нам яшчэ прыйсьці да разуменьня, што расейская мова ў Беларусі - гэта ўсё ж сурагат, "псэўда", падмена - тое, што ў нас замест мовы. Гэта зьбеднены, спрошчаны, выхалашчаны наш варыянт расейскае мовы, бо тут, у Беларусі, адсутнічаюць натуральныя крыніцы яе сілкаваньня і папаўненьня. Пераважная ж большасьць нашых людзей паслугоўваецца проста трасянкай. І мы так да яе прызвычаіліся, што калі пачуем сапраўдную расейскую мову, то яна, без перабольшаньня, дзярэ вуха сваёй чужароднасьцю. Таму для мяне беларуская мова - гэта адыход ад падменаў ды сурагатаў і вяртаньне да свайго, Богам дадзенага, да суладнасьці з гэтай зямлёй, непарыўнай сувязі зь яе мінулым і будучыняй. Бяз гэтага цяжка знайсьці свой шлях і сапраўдны сэнс свайго жыцьця.

Уладзімір Содаль, літаратар, дасьледнік

Што дае мне родная мова? Найперш гармонію з самім сабою, з сваімі продкамі, з усёй нашай тысячагадовай гісторыяй. У роднай мове я пачуваю сябе натуральна, як дзіця пачувае сябе ва ўлоньні маці. У роднай мове я - творца, у ёй мне зразумелыя ўсе пласты, усе нюансы. У роднай мове маё дыханьне, у роднай мове мая артыкуляцыя. Бяз роднай мовы, як сказаў Францішак Багушэвіч, я нямы, калека. З гэтым цяжка не пагадзіцца.

Родная мова для мяне - асалода. Так, яна мне дае такую асалоду, якую дае лагодная музыка. Родная мова - гэта яшчэ й лякмусавая паперка, якая давала й дае мне мажлівасьць высьвятляць праўдзівае нутро чалавека. Праз родную мову я пазнаю гэтае нутро. Родная мова - гэта мая самабытнасьць, незалежнасьць. Незалежнасьць перад усімі ды ўсім сьветам. Родная мова - гэта мая рэлігія, і калі сьвятарства не прызнае маёй мовы, я ў супярэчнасьці з такімі сьвятарамі і з такім набажэнствам.

Родная мова - інструмэнт маёй душы. Ня можа быць беларуса бяз роднай мовы! Бяз роднай песьні чалавек становіцца чужаком і глушцом. Жыць у чужамоўі - гэта значыць страціць усё і прыняць усё чужое. Неяк аднаго разу, разважаючы, што ёсьць рускае, што ёсць беларускае, адзін вядомы мэтадыст і педагог Яўген Лаўрэль (аўтар шматлікіх падручнікаў) зазначыў: "А ці заўважыў ты, Уладзя, што беларусы, не раўнуючыся з расейцамі, пра ўсё сваё кажуць - наша поле, наша ніва, наша сьвітка, наша мова, наша гора, наша зіма, наш край, нашы песьні. Расейцы ж, кажучы пра гэтыя ды іншыя зьявы, называюць іх рускімі: рускія шашкі, рускія шахматы, рускі чай, рускі лес, "русский вопрос", рускі мароз, руская зіма. Шчыра кажучы, тое, што ў расейцаў наўмысна падкрэсьлена называецца шмат чаго рускім, я заўважаў даўно. А вось, што беларусы шмат якія нацыянальныя паняцьці імкнуцца перадаць праз словы "наш", "наша" - хоць і заўважаў, але да гэткіх абагульненьняў, як мой калега, не дайшоў. І напраўду, шмат якія паняцьці, якія б маглі называцца беларускімі, у нас перадаюцца азначэньнямі "наш", "наша". З гэтае нагоды згадаем таго ж Янку Лучыну. У ягоным вершы "Родная старонка" маем ня толькі "нашу долю" і "нашу ніву", але яшчэ і "нашы сьвіткі", якія мы цэнім, бо яны, хоць і старыя, але нашыя. Здавалася б, непрыкметнае, сьціплае назіраньне, але яно гаворыць, якія розныя мэнталітэты ў суседніх, хоць і роднасных, народаў. Там - усё рускае, а ў нас - усё наша, у нас і каша - наша!

Яшчэ от што хачу дадаць. Наша мова ў падпольлі. Часам дапякаюць: на беларускай мове ніхто не гаворыць, яе не пачуеш на вуліцы. Такое нядаўна выказаў мне адзін незычлівец - лічыў, што гэтай сваёй заявай ён скасаваў мяне дарэшты, што мне няма чым пакрыць ягонае нахабства. Але Бог мяне абараніў, паслаўшы мне на гэты гнюс сьветлую думку. "Гэта праўда, - сказаў я, - на вуліцах рэдка пачуеш роднае беларускае слова. Але ведаеце, чаму? Яно пазбаўлена волі. Дайце яму волю - усюды, скрозь дайце яму дыхнуць на поўныя грудзі, і беларус перастане хавацца з роднай мовай. А калі яе кожнага дня крыўляць, бэсьціць, біць за яе дубінкамі, цягаць у пастарункі, то ня кожны (як гэта ёсьць зараз) адважыцца ўсюды і скрозь трымацца роднага слова".

Сяргей Язерскі

Беларуская мова дазваляе мне глыбей, больш аптымістычна ўспрымаць Сьвет. Яна не супярэчыць, а пасуе майму мэнталітэту, не выклікае ўнутранага, мэнтальнага канфлікту.

Мова - геніяльны твор этнасу, найбольш характарызуе этнас. Беларуская мова вымагае ад мяне асаблівага мысьленьня. Слова лучыць рэчаіснасьць з маёй сьвядомасьцю і падсьвядомасьцю, дзе захоўваецца памяць продкаў.

Мой слоўнікавы запас паказвае, як я стаўлюся да рэаліяў: напрыклад, "я люблю сала" і "я кахаю жанчыну". Між іншым, ці не адчуваецца ў слове "жанчына" слова "чын", што я адчуў і неяк па-іншаму пасьля гэтага ўспрымаю прыгожую палову чалавецтва. І ці ня чуецца ў расейскім слове "женщина" другога кораня - "щи" (першы корань "жен", у якім "г" перайшло на "ж" - род, паходжаньне, утварэньне, генатып і г.д.).

Дзесьці падсьвядома я адчуваю сувязь слова зь ягоным першасным сэнсам таму, што ў іх аднолькавыя карані, роднаснае каранёвае і сэнсавае гняздо.

Я адчуваю сувязь слова "асоба" з сэнсам слова "асаблівы", "асобны", гэта значыць не такі, як іншыя. Я адчуваю слова "вага", як вагу развагаў, непазбежнасьць ціску для вагаў, адкінутасьць гэтага ціску для ад-важнага, цяжар цікаўнасьці робіць мяне уважлівым. І як мне цяжка адчуваць зьнявагу.

Я ў шлюбе з жанчынай, бо з-любіўся зь ёю. Расейскае слова "брак" аднаго кораня са словам "браці". Узяў дзяўчыну, узяў пугу.

Я кажу слова маці, бо яно гучыць мякка, ласкава. Слова маці не стасуецца з бруднай расейскай лаянкай, дзе яно гучыць рэзка, як пуга: мать!!

Рабіць чыстай бялізну можна двума спосабамі: расійскім "стирать" і праньнём з пральным парашком. Пральня ад слова перці - ціскаць, штурхаць, біць (у бакі). Чаго прэш? - чаго цісьнеш, штурхаеш. У расейскай мове слова "прачка" зьявілася ў слоўніках у 1762 годзе (Станкевіч перакладае рускае слова прачка, як - праніца). Падлогу, дзіця мыюць, бо іх не паштурхаеш, не паб'еш, каб зрабіць чыстым.

Гукі маёй мовы лашчаць мой слых. Інтанацыя - душа мовы. У беларускай мове шмат далікатнай інтанацыі. Беларусы ўжываюць узыходныя таны:

- Ці ня так, спадары?

Параўнаем:

- Не так ли, господа?

Кантрасты паміж націскным і ненаціскным складамі ў нашай мове не такія адметныя, як, напрыклад, у расейскай. Сьпяваць на беларускай мове лягчэй, чым на польскай і расейскай мовах.

Размаўляць па-польску - гэта бачыць зьяву, падзею з пункту гледжаньня польскага мэнталітэту, бо словы-паняцьці - гэта матэрыял, ад якога залежыць будоўля думкі, аналіз і рэшт-у-рэшт высновы будуць прапольскімі.

Мая мова - гэта мой Сусьвет! Яна вызначае маё сьветаўспрыманьне, мысьленьне, маю адметнасьць, асаблівасьць маёй асобы. Яна дае мне права звацца беларусам, а не аскепкам савецкай імпэрыі.

Сяргей, вучань пятае клясы

Родная мова для мяне, як сымболь, герб, украса й вянок нашай Радзімы і нацыі. Яна тое, што кожны беларус павінен ведаць. І ад яе нельга адракацца, бо чым жа яна дрэнная?! Нашыя продкі размаўлялі ёю і мы павінны рабіць тое ж самае, бо якія з нас тады беларусы?

Родная мова мне дае радасьць, упэўненасьць у жыцьці, і наогул, яна робіць нас беларусамі, бо той, хто не размаўляе на ёй - несапраўдны беларус.

Неяк я дзесьці вычытаў, што наша родная мова па сваёй мілагучнасьці займае другое месца пасьля італьянскай. І я гэта адчуваю. Мне ж давялося, калі я езьдзіў за мяжу, чуць розныя мовы: балгарскую, чэскую, украінскую і грэцкую.

Наша ж мова, казаў нам Францішак Багушэвіч, такая ж панская, людзкая, як і іншая якая: як француская, альбо нямецкая. Яна для нас Сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзена.

То што яшчэ трэба сказаць людзям, каб яны любілі й шанавалі родную мову!

Ігар, бухгальтар

Ад самага пачатку, колькі сябе памятаю, я чуў родную беларускую мову, таму праблемы зь ёю ніколі ня меў. А што яна дае мне?

Пачну з таго, што я тут вырас, яна - часьцінка маёй душы, памяць пра маіх бабуль і дзядуль. Для мяне неразрыўная любоў да мовы і любоў да Радзімы. Аднак, часам, па вуліцах Менску бывае такое адчуваньне, што некуды зь Беларусі зьехаў. Зь людзьмі ж, якія размаўляюць з табой па-беларуску, пачынаеш адчуваць у сабе чалавека, які не адзін на Гэтай зямлі. Зьяўляецца адчуваньне, што варта жыць і для некага штосьці добрае рабіць.

Да таго ж - гэта вельмі пекная мова, вельмі добрыя і прыгожыя людзі ёю размаўляюць.

Людміла, спэцыялістка па арганізацыі прамысловых выстаў

На жаль, значную частку свайго жыцьця не карысталася беларускай мовай - вырасла ў такім асяродку. Вывучыла мову ўжо пасьля 40 гадоў.

Што яна мне дала? Напэўна, пачуцьцё самаўсьведамленьня, нейкай такой больш поўнай вартаснасьці асобы. Нас выхоўвалі як савецкіх людзей, асобаў без нацыянальнасьці. Або, як я разумею зараз, гэтакіх "рускіх людзей" - пад прыкрыцьцём гэтак званага інтэрнацыяналізму. Але калі чалавек усьведамляе, якому народу ён належыць, то ён цікавіцца сваім родам, каранямі, гісторыяй свайго народу, традыцыямі, культурай, робіцца неабыякавым да будучыні. Я адчула сябе беларускай. А пачуцьцё ўсьведамленьня сваёй нацыянальнасьці мае глыбокія карані. Пачынаеш адчуваць сувязі зь мінулым і будучым. І нават сваю будучыню ты ўжо не ўспрымаеш, як будучыню толькі асабістую, ці толькі сваёй сям'і, а ўжо - як частку будучыні ўсяго народу. Я думаю, што гэта вельмі важнае пачуцьцё. Знутры робішся нібы іншым чалавекам. Веданьне мовы мяняе ўсё ў жыцьці: і кола знаёмых, і інтарэсы, і погляды на падзеі - сёньняшнія і ў гісторыі. Я стала цікавіцца беларускімі традыцыямі, песьнямі - стала іх вучыць, сьпяваць. Ніколі такога раней не рабіла! Стала ствараць невялічкія вершы, хаця ў дзяцінстве я зусім не любіла пісаць, ненавідзела гэтыя "сачыненьні". Але цяпер мне гэта прыносіць задавальненьне. Я адчула мілагучнасьць, прыгажосьць нашае мовы і лічу яе адной з самых прыгожых моваў сярод тых, што я ведаю або чула. І гэта не перашкаджае мне разумець, што на сёньня трэба ведаць шмат моваў. Беларускай ды расейскай абсалюна недастаткова сёньняшняму чалавеку. Гэтае веданьне мяняе чалавека, ён разумее, што сьвет вялікі, што ўсе мовы прыгожыя і патрэбныя.

На жаль, у сёньняшнім нашым грамадзтве карыстаньне роднай беларускай мовай прыносіць пэўныя праблемы. Сёньня яшчэ грамадзтва нашае ў асноўным расейскамоўнае. Ёсьць праблемы на працы і ў сям'і, часам, са старымі знаёмымі, калі яны не разумеюць тваіх прыхільнасьцяў. Бывае, што нават "страчваеш" гэтых сваіх знаёмых.

Але, пэўна, самае галоўнае, што мне дала беларуская мова - гэта тое, што я, авалодаўшы ёю, адчуваю сябе больш шчасьлівым чалавекам. Яна мне дала новы асяродак знаёмых, якіх я вельмі люблю, вельмі паважаю, без якіх я зараз ужо не ўяўляю свайго жыцьця. І я думаю, што гэта тая падзяка Мовы мне за тое, што я ўсё-ткі, нягледзячы на ўсе цяжкасьці (бо я зусім яе ня ведала) прыйшла да Свайго, роднага. Я лічу сябе зараз даволі шчасьлівым чалавекам, таму што авалодала сваёй роднай мовай.

Пэўна, беларусы ня стануць годнай нацыяй, пакуль не зразумеюць, што ўсе яны павінны ведаць сваю мову, ганарыцца ёю, любіць яе. Толькі так мы станем народам паважаным і роўным зь іншымі.

Барыс, энэргетык

У сям'і маіх бацькоў размаўлялі па-расейску. Аднак тата патрабаваў, каб кнігі беларускіх пісьменьнікаў я чытаў на роднай беларускай мове. І першая кніга, якая захапіла і была да сэрца - гэта "Міколка-паравоз" Міхася Лынькова. Пасьля я гэтую кнігу чытаў перад сном уласным дзецям - за добрыя паводзіны, замест іншых узнагарод - цацак ці ласункаў. Старэйшы сын прачытаў гэтую кніжку на беларускай мове яшчэ да таго, як пачаў вывучаць яе ў школе (вучыўся ён у школе імя Якуба Коласа, але беларуская мова там была не ў вялікай пашане, а пры цяперашняй уладзе й імя пісьменьніка зьнікла з шыльды).

Беларуская мова добра дапамагла мне падчас майго службовага камандараваньня ў Македонію. Авалодаць македонскаю мовай мне было значна лягчэй, чым тым, хто ведаў толькі мову расейскую.

Веданьне мовы пашырала кола маіх сяброў. Маё зацікаўленьне беларускай гісторыяй і літаратурай выклікала да мяне прыхільнасьць таксама людзей зацікаўленых беларушчынай. Беларуская мова для мяне як знак, які дапамагае знайсьці цікавых для мяне людзей.

Вольга, бібліятэкарка

Да беларускай мовы я прыйшла зь вялікай цяжкасьцю. У школе яе не вывучала - бацькі напісалі заяву, каб мяне ад гэтага прадмета вызвалілі. Унівэрсытэт культуры я скончыла ў 1981 годзе, беларуская мова была там далёка не на першым месцы. Не карысталася ёю і на працы ў бібліятэцы - ані з супрацоўнікамі, ані з чытачамі. І толькі ў канцы 80-ых, калі пачалося беларускае адраджэньне, паўстала пытаньне нашага дзяржаўнага сувэрэнітэту, мова загучала і ў сьценах нашае бібліятэкі. Здавалі іспыты на веданьне мовы, шкада, што потым гэта заціхла. Шмат даў мне ўдзел у дзейнасьці маладзёвага аб'яднаньня "Талака" - правядзеньне культурных мерапрыемстваў, фальклёрных сьвятаў. Гэта ж прывяло мяне да ўдзелу ў палітычным жыцьці, я была сярод першых сяброў Народнага Фронту, тых, хто ладзіў Першы зьезд у Вільні. Знаёмства з выдатнымі гісторыкамі - Міхасём Ткачовым, Міколам Ермаловічам, удзел у разнастайных культурніцкіх імпрэзах, шматлікія вандроўкі па Беларусі, яе гістарычных і літаратурных мясьцінах. Усё гэта дало мне адчуваньне сябе асобай, сапраўднай грамадзянкай сваёй краіны, якая мае тысячагадовую гісторыю.

Імкнуся карыстацца беларускаю мовай паўсюдна: і на вуліцы, і ў праваслаўнай царкве - на беларускамоўных набажэнствах у Сьвятапетрапаўлаўскім саборы ў Менску.

Галіна, бухгальтарка

Мне ня трэба было прыходзіць да беларускай мовы - я зь ёю нарадзілася, дзесяць клясаў скончыла з моваю беларускай. Праблемы ўзьніклі, калі трэба было далей ісьці вучыцца. Як прыехала ў Горкі здаваць уступныя іспыты, то ўбачыла пытаньні ў білетах на расейскай мове. Але я ня стала нічога перакладаць для экзаменацыйнай камісіі, а так і шпарыла па-беларуску. Ды мяне ніхто не спыняў, і ставілі мне ўсё - "хорошо"...

Выкладаць жа пасьля бухгальтарскі ўлік у тэхнікуме даводзілася ўжо па-расейску і трэба было старацца, каб чыста гаварыць, без акцэнту. Перараблялі нас, беларусаў, на расейцаў - такое было жыцьцё тады... І амаль перарабілі. Толькі ў 90-ых гадох я вярнулася да роднай мовы. Сталі пісаць пра гісторыю: адкуль мы, хто мы, адкуль наш род, якая ў нас была дзяржава. А то нам убівалі ў галовы, што мы - тыя ж расейцы.

Цяпер я пастаянна карыстаюся ў сваім жыцьці роднай мовай, без агляду на тое, падабаецца гэта каму, ці не. І адмоўную рэакцыю на сваю гаворку сустракаю вельмі рэдка.

Я веру ў Бога. Але мне не падабалася служба ў праваслаўнай царкве, бо нават не заўсёды ўсё разумела. Стала хадзіць на службы ў касьцёл, і выглядала той расклад, калі яны вяліся па-беларуску. А цяпер я знайшла сваю ўніяцкую царкву, дзе не гучыць аніводнага чужога слова. А калі кажуць пра Бацькаўшчыну, пра Беларусь, то няможна стрымаць сьлёз, асабліва, калі запяюць "Магутны Божа".

У сваім беларускамоўным асяродзьдзі я адчуваю сябе годным чалавекам, тут я магу выказаць усё, пра што думаю, што мяне хвалюе, што ў мяне на душы.

Вось што мне дае беларуская мова!

Тамара, працуе ў навучальнай установе

Паколькі я нарадзілася ў Расеі, то ў дзяцінстве не валодала беларускай мовай (бацькі родам зь Беларусі, з часам вярнуліся сюды)...

Вучыць мову пачала толькі ў школе. Настаўнік беларускай мовы быў вельмі цікавы чалавек, ён вучыў нас ня толькі правілам артаграфіі, ён вучыў нас любіць нашу мову. З таго часу я й палюбіла яе. Але ж гэта былі часы русіфікацыі...

Цяжка выказаць словамі, што мне дала беларуская мова... Бо гэта толькі эмоцыі. Я проста адчула сваю адметнасьць, адрозьненьне ад іншых - калі мне падабалася слухаць народныя сьпевы, нашу мову, якая выклікала гармонію ў душы, была больш да сэрца, даспадобы, нашыя родныя, такія натуральныя гукі... Ня ведаю чаму, але я пачала вучыць нашай мове дачку - у тыя часы, калі ў Менску беларускай мовы было амаль не чуваць. Я пачала купляць дачцэ беларускія кніжкі. Мне так хацелася паказаць мілагучнасьць нашае мовы! Я й сама пачала вучыць яе, удасканальваць свае веды, калі пайшла гаворка, што могуць зрабіць беларускую мову дзяржаўнай. Мяне гэта вельмі ўзрушыла - я ж, думаю, недастаткова валодаю ёю, хоць і люблю яе. Я пачала выпісваць беларускія газэты, часопісы, пачала чытаць творы беларускіх пісьменьнікаў, галоўным чынам, тых, якіх мы не праходзілі "па праграме" - і я адчула зусім іншы погляд на сьвет. Я адчула, што думкі, якія несьлі беларускія аўтары ў сваім сэрцы - гэта зусім ня тое, што я чытала ў расейскай літаратуры!

У сёньняшнім жыцьці, канечне, беларуская мова выклікае пэўныя праблемы. Бо іншым разам так, сапраўды, ва ўстанове "трэба ўсё па-расейску"... Бывае, калі я напішу які дакумэнт па-беларуску - дзівяцца, не разумеюць: "А чаму вы так пішаце?" "А таму, што я магу і хачу пісаць у сваёй краіне па-беларуску!"

Хаця наша навучальная ўстанова працуе на расейскай мове, але як і ўсюды ў Беларусі, тая мова больш падобная на трасянку. Калі ж чуеш ад студэнта ці выкладчыка беларускае слова, то пачынаеш міжволі думаць, што гэта нашыя людзі. Тады сам сабою наладжваецца кантакт паміж малазнаёмымі людзьмі, зьяўляецца адкрытасьць у адносінах, што выклікае станоўчыя эмоцыі. Беларуская мова - нашая мова, таму лёгка знаходзіць зь яе дапамогай сяброў.

Дык што мне дала беларуская мова? Толькі эмоцыі. Толькі любоў і іншы погляд на наш сьвет.

Зьміцер, эканаміст

Што дае мне беларуская мова?

Адчуваньне лучнасьці.

Першае адчуваньне лучнасьці - зь мінулым і з будучыняй.

Мае дзяды, прадзеды размаўлялі па-беларуску, грэлі беларускія слоўкі на сваіх вуснах. Таму з маім родам, зь мінулым мяне лучыць беларуская мова. І перарваць гэтую нітачку сувязі ня маю права. Бо адчуваю адказнасьць: перад продкамі і нашчадкамі. Разам з жонкаю перадаю гэтае зьнітаваньне маленькай дачушцы. І я пэўны, што беларуская мова будзе жыць і ў далёкай будучыні, будзе разьвівацца згодна патрэбам часу і красаваць на гэтай зямлі. І вось сёньня, Тут - Я зьяўляюся важным зьвяном, якое лучыць нашую мінуўчыну і нашую будучыню. Адчуваньне зьвяна, адказнага зьвяна, якое перадае нейкі духоўны код - вельмі важнае.

Другое адчуваньне лучнасьці - з той зямлёй, на якой пашчасьціла нарадзіцца і жыць - зь Беларусьсю. І гэта характэрна ня толькі для этнічных беларусаў. Нярэдка можна сустрэць палякаў, расейцаў, татар, якія размаўляюць па-беларуску, і нават цудоўна. І вось калі ім задаеш пытаньне: "Што гэта табе дае?" - адказваюць без ваганьняў: "Дае адчуваньне лучнасьці з гэтай зямлёю!" Ну, а калі такое адчуваньне маюць тыя, хто прыехаў жыць на гэтую гасьцінную зямлю, то мне, дзедзічу, чалавеку, продкі якога тут жылі спаконвеку, гэтае адчуваньне лучнасьці з Радзімай пагатоў грэе сэрца.

Трэцяе адчуваньне лучнасьці - зь людзьмі, якія жывуць у гэтай краіне, у Беларусі. Прычым, ня толькі з тымі, да прыкладу, трыццацю сямю адсоткамі жыхароў Беларусі, якія падчас апошняга (у 1999 годзе) перапісу насельніцтва сказалі, што яны размаўляюць дома па-беларуску. І нават ня толькі з тымі васьмюдзесяцьцю шасьцю адсоткамі беларусаў, якія назвалі сваю мову роднай. А і з многімі іншымі - ці ня з усімі дзесяцьцю мільёнамі жыхароў Беларусі! Чаму? Таму, што для мяне беларуская мова існуе ня толькі ў літаратурным, выкрышталізаваным варыяньце, але і ў асобных словах, гуках, інтанацыі, у адметнай пабудове фразы. Бо не сакрэт, што большасьць насельніцтва Беларусі размаўляе гэтакім беларуска-расейскім вінэгрэтам - трасянкаю. У звычайнай, бытавой размове я ўспрымаю трасянку абсалютна нармальна. І любое слова беларускае (вось тут, у Беларусі, а пагатоў дзесь за яе межамі пачутае - хай нават і не ў "чыстым" выглядзе) - яно для мяне вельмі блізкае, вельмі дарагое, шматкроць болей, чым самая дасканалая (калі можна гэтак сказаць), але чужая мова. Для мяне відавочна, што абсалюная большасьць жыхароў Беларусі мае менавіта беларускі духоўны, унутраны сьвет, хай сабе пакуль як сьлед не раскрыты. І рана ці позна ключык да гэтага сьвету падбіраецца! Маю шмат прыкладаў, калі людзі з шаблённа-казённымі адносінамі да беларускай мовы раптам адчувалі ў сабе надзвычайную да яе прыхільнасьць, прагу беларускага слова.

Вось чаму ў абсалютнай большасьці выпадкаў, калі зьвяртаешся па-беларуску - сустракаеш вельмі станоўчую рэакцыю, рэакцыю лучнасьці з боку тых, хто хай і не ўжывае беларускае літаратурнае слова, але мае беларускую душу.

Чацьвертае адчуваньне лучнасьці, якое дае мне беларуская мова - зь Сьветам, з адукаванымі, культурнымі людзьмі іншых краінаў. З тымі ж палякамі, расейцамі, немцамі, ангельцамі... Бо мы цікавыя сьвету ня толькі сваімі таварамі, працоўнымі рэсурсамі, лепшымі тэхналёгіямі, дасягненьнямі навукі, але й сваёю мовай. Задумаемся: які сэнс іншаземцу ехаць у Беларусь вывучаць расейскую мову (яна тут нават не бытуе ў чыстым выглядзе), калі ёсьць дзеля гэтае мэты Расея - краіна, дзе тая мова фармавалася і разьвівалася? Які сэнс ехаць у Беларусь вывучаць тую ж польскую, нямецкую, кітайскую мовы. Ёсьць жа для гэтай мэты Польшча, Нямеччына і Кітай! А вось беларуская мова для іншаземца - гэта таямніца, народжаная манавіта Беларусьсю. І чалавеку грунтоўнаму, адкрытаму цікава спазнаць гэтую таямніцу зноў жа не ў Расеі, Польшчы, Нямеччыне ці Кітаі, а ў Беларусі - на зямлі, дзе гэтая мова выпеставалася. Бо беларуская мова - гэта ня толькі нашае багацьце, гэта наш яркі ўнёсак у багатую і прыгожую мазаіку Сьвету.

Адначасна, беларуская мова абуджае цікавасьць і павагу да Іншага. Яна не разьядноўвае - наадварот. Яна дапамагае паразуменьню ва ўсе бакі, шматвэктарнаму такому паразуменьню, якое нараджае суладзьдзе, гармонію, змушае думаць больш глябальна і адкрыта. Хто валодае беларускай мовай, той без праблемаў чытае па-ўкраінску, лепей разумее па-польску, асэнсавана ўспрымае астатнія славянскія мовы, знаходзіць падставы да сумоўя з тымі, хто размаўляе па-нямецку, ці па-ангельску, па-летувіску ці па-латыску. Яно й ня дзіўна: беларуская мова - гэта эўрапейская мова, якая дужала ды кшталтавалася ў судакрананьні ды ўзаемаўзбагачэньні з мовамі іншых эўрапейскіх народаў.

І яшчэ. Асабліва жадаю падкрэсьліць, што мова беларуская дае адказнасьць: за сваю краіну, за свой народ, за тое, што напрацавана продкамі потам і крывёю. То мусіш не падвесьці іх, ня быць горшым за іх.

Тэмы дыскусіяў

1. Што дае мне Беларуская Мова?

2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?