mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

Сяргей, псыхоляг

Я ўпэўнены, што кожны чалавек - гэта маленькі адметны сусьвет, калі ўлада ня гасіць каляровыя, зыркія зоркі ягонай душы, калі дазваляе свабодна круціцца ягоным думкам-плянэтам вакол ягонага сонца-ідэалу. Камуністычная ідэалёгія адмаўляла ў гэтым беларусам ды іншым народам Савецкай імпэрыі. Не чалавек, а калектыў прапагандаваўся як найвялікшая каштоўнасьць. Асабістыя схільнасьці, патрэбы, асабістыя пачуцьці ня браліся пад увагу. Усе павінны былі аднолькава думаць, мець аднолькавыя ідэалы, прадказальна паводзіць сябе. На маіх вачах шмат людзей гублялі сваё аблічча, зьліваліся з навакольлем, рабіліся няздольнымі вылучаць свае погляды, жаданьні, патрэбы, аддзяляць іх ад чужых думак і патрэбаў. Дагэтуль шмат каму здаецца, што яму трэба тое, што трэба ўсім. А ўладныя СМІ падказваюць, што трэба ўсім. Каб канчаткова пазбавіць чалавека сваёй апрычонасьці, улада імкнецца прымусіць усіх размаўляць на адной мове, бо нават аднолькавыя думкі на розных мовах маюць адмысловыя адценьні. Мой шлях да роднай мовы пачаўся з адстойваньня права мець сваю нацыянальнасьць, з абароны свайго аблічча, бо родная мова разам з маёй полавай прыналежнасьцю, маім радаводам, гісторыяй і культурай майго этнасу ёсьць прыкметаю маёй асобы. А мова стаіць у гэтым шэрагу на першым месцы, бо праз мову я асэнсоўваю зьявы, праз мову я думаю.

Вось таму я памалу пачаў яшчэ ў 1960-ых гадох вывучаць родную мову (у часы свайго школьніцтва я ня жыў у Беларусі), пачаў чытаць беларускую літаратуру, рабіць для сябе, а пасьля і для іншых запісы на роднай мове, складаць на ёй афіцыйныя паперы, выступаць на роднай мове, прапагандаваць яе.

Людміла, мэнэджэр, спэцыялістка па арганізацыі прамысловых выставаў

Мой шлях да роднай мовы быў даволі доўгі і досыць складаны, бо, хаця я нарадзілася ў Беларусі, мову ў школе не вучыла. Хоць мая маці - тутэйшая, беларуска, па-беларуску ніколі не размаўляла. Бацька быў з Расеі і з нашаю мовай не лічыўся, зьдзекліва казаў, што нейкі дыялект прыдумалі, маўляў, гэтыя беларусы. Сам ён, верагодна, меў беларускія карані, пра што сьведчыць прозьвішча, але забыўся ўжо, што ягоныя продкі былі беларусамі. Ён быў савецкі вайсковец, і таму маё дзяцінства было, "як і належыць" - савецкае, "русскоязычное". Мовы я ня ведала. Але інтуітыўна адчувала, што з становішчам беларускае мовы ў нас нешта ня тое. Час ад часу бывала ў бабулі ў вёсцы, дзе чула мову нашага народа, але, на жаль, бабуля была занадта маўклівая, таму пераняць ад яе багата ў моўным пляне я не змагла.

Сутыкнулася з моўнай праблемай упершыню пасьля заканчэньня інстытута, калі атрымала накіраваньне на працу ў вёску ў беларускую школу. Я прыйшла на першы ўрок (у мяне былі біялёгія і хімія), пачала выкладаць матэрыял, і бачу - штось ня тое, дзеці глядзяць на мяне спужанымі вачыма... Спачатку не магла нават зразумець, што адбываецца. Пытаюся, у чым справа, а дзеці кажуць мне: "Мы Вас не разумеем. У нас тут беларуская школа дый падручнікі ўсе беларускамоўныя". А я ні слова па-беларуску ня ведаю! У мяне нібы абарвалася ўсё ўнутры: думаю, што ж я буду рабіць? Я ж зусім не падрыхтаваная да гэтай працы, куды мяне паслалі. Цяпер, магчыма, я павяла б сябе інакш: напрыклад, зьвярнулася ў РАНА, не пакінула б так проста гэтае пытаньне. Але тады мне было 22 гады, я разгубілася зусім... Потым сказала дзецям: "Добра, наступным разам я буду выкладаць па-беларуску". Узяла гэтыя падручнікі, пачала іх чытаць, а там усё па-іншаму, тэрміналёгія зусім іншая. Але я спрабавала выкладаць па-беларуску, як умела. Вядома, гэта былі вартыя жалю высілкі, і дзеці з увагі на іх, сказалі: "Ведаеце, мы бачым, што гэта Вам так хутка не адолець. Кажыце ўжо лепей па-расейску, калі што ня будзем разумець - перапытаем, а Вы нам патлумачыце". Вось і думай, што хочаш: інстытут рыхтуе спэцыялістаў, але не для беларускіх школ. І так у мяне ўсе аднакурсьнікі паехалі працаваць ў беларускія вясковыя школкі, атрымаўшы адукацыю па-расейску. Можа, каго ўратавала тое, што ён раней меў судакрананьне зь беларускаю мовай, але частка выпускніў мовы зусім ня ведала. У выніку такой адукацыйнай савецкай палітыкі мы, маладыя настаўнікі, гэтых дзяцей духоўна калечылі і разбуралі беларускую школу знутры. Гэта было першае такое выпрабаваньне, калі я зразумела, што нешта ня тое ў гэтай краіне. Патрэба ў мове ўзьнікла ў мяне ўпершыню, хаця яшчэ не да канца асэнсаваная.

Пасьля працы ў гэтай школе я зьехала на пэўны час у Латвію. Але застацца там не змагла. Там я адразу зразумела, што гэта іншая краіна, у іх усё сваё, і рана ці позна яны стануць незалежнымі... Гэта быў, здаецца, 1975 год. Сваёй знаёмай, якая там меркавала заставацца, я сказала: "Вучы мову, бо бяз мовы ты тут жыць ня зможаш". Усе гавораць па-латыску: у крамах, на вуліцы, усюды. А мы, беларусы, тут усё-такі чужыя... Тады ж, пачуўшы "Песьняроў", мы пачалі разумець, што ёсьць беларусамі, што вось гэтая мова - нашая родная. У гэтым сэньсе "Песьняры" шмат зрабілі: яны паказалі ўсяму сьвету, што ёсьць такая краіна Беларусь, і дзе б ты ня быў, пачуўшы іхнія сьпевы, пачынаў разумець сваю адметнасьць у гэтым сьвеце. Вось і я тады адчула, што зусім не жадаю заставацца ў Латвіі і трэба вяртацца дадому.

Гэтак - вельмі павольна - да мяне прыходзіла гэтае разуменьне, што я беларуска і ў мяне ёсьць свая мова.

Галіна, бухгальтарка

Да беларускай мовы мне ня трэба было прыходзіць, бо я нарадзілася з гэтай моваю - мае бацькі размаўлялі па-наску, у школе я вучылася на роднай мове. Але пасьля з-за сваёй роднай мовы мне давялося зьведаць вялікія пакуты. Трэба было перарабляць сваю псыхалёгію, сваё мысьленьне... Так склаліся абставіны, што доўга прыйшлося жыць на Смаленшчыне - выкладаць у тэхнікуме "на чыстай расейскай мове"... Пачалі мяне перарабляць на расейскую паненку. Часткова ім гэта ўдалося, бо цягнулася тое амаль 15 гадоў, на працягу якіх я амаль не размаўляла па-беларуску. Але там - на Смаленшчыне - я выпісвала беларускамоўную газэту "Чырвоная зьмена", што прыходзіла ў той далёкі Сычоўскі раён, можа, праз тры тыдні, так файна складзеная, запячатаная, якую я зь вялікім задавальненьнем чытала, атрымліваючы асалоду ад Роднай Мовы...

А вярнулася я да роднае мовы, калі зноў прыехала жыць у родную Беларусь - як распалася Савецкая імпэрыя... Зьявіліся новыя часопісы, газэты, якія я стала чытаць. Не перадаць словамі той радасьці! Ад таго часу я пачуваюся натуральна - не карыстаюся расейскай мовай увогуле і вельмі шчасьлівая, што жыву ў Сваёй Радзіме і магу карыстацца Сваёй Мовай.

Барыс, энэргетык

У нашай сям'і размаўлялі па-расейску. Лепш за іншых валодаў беларускаю мовай дзед па бацьку: прынамсі, ён пісаў па-беларуску без памылак, аднак размаўляў чамусьці таксама па-расейску. Па-беларуску размаўляла дзяўчына, якая даглядала мяне ў маленстве. Потым бабуля згадвала, што тая зьвярталася да яе з словамі: "Не рагачыце, бо Бора надта злуецца". Можна лічыць, што гэта было маё першае далучэньне да мовы - праз успаміны бабулі.

Падчас вайны хата, дзе мы жылі ў Менску, згарэла, і знаёмыя падказалі вольны пакой сям'і, якая зьехала ў эвакуацыю. Зьехаўшы, яны пакінулі сярод іншых рэчаў дзіцячую кніжку Самуіла Маршака ў перакладзе на нашу мову: "Містэр Твістар, былы міністар, уласьнік заводаў, машын, параходаў"... Памятаю, што калі мне чыталі гэтую кніжку - вельмі падабалася слухаць, было ўсё зразумела і цікава...

Авалодаць жа роднай беларускай мовай здолеў толькі ў сталыя гады, дзякуючы чытаньню кніг (бацька заўжды раіў кнігі беларускіх аўтараў чытаць па-беларуску), часопісаў і газэт. Нядаўна я прачытаў у кнізе Варлена Бечыка "Радкі і жыцьцё" думку пра родную мову Максіма Горкага, які казаў сыну: "Родную мову трэба любіць, як маці, як музыку, і трэба ёю добра валодаць, каб перадаць сваю думку іншаму ясна і проста". Такой дасканаласьцю я пакуль не авалодаў, значыць і цяпер яшчэ іду да роднай мовы, усё болей набліжаюся да яе - на працягу ўсяго жыцьця.

Надзея, бухгальтарка

Мае бацькі па-расейску не гаварылі: хутчэй па-свойму, гэтак жа гаварыла ў дзяцінстве і я. Вельмі хораша па-беларуску размаўляла бабуля - яна з Старадарожскага раёна, там прыгожы дыялект: павольная такая гаворка, перасыпаная слоўкамі кшталту "Уга", "Ух-я" і інш. Нам, дзецям, падабалася, мы пераймалі і гэтаксама гаварылі, часам, дзеля забавы.

Вучылася я ў беларускай школе. Праўда, беларускімі былі толькі падручнікі. Адказвалі мы на ўроках па-расейску, але ўсё ж падручнікі чыталі, таму ўсю беларускамоўную тэрміналёгію ведалі... Настаўніца беларускай мовы і літаратуры на пазаклясным чытаньні задала нам прачытаць Караткевічавы "Каласы пад сярпом тваім". Я ёй за гэта вельмі ўдзячная, бо гэта было для мяне адно з найбольш моцных школьных уражаньняў, зьвязаных зь беларускай мовай і літаратурай.

А ўжо практыкавацца ў размовах па-беларуску я пачала пазьней, калі паступіла ў Эканамічны ўнівэрсытэт. У нас выкладаў інфарматыку Мікола Савіцкі - па-беларуску, а жонка ягоная - спн. Глафіра - эканамічны аналіз, і таксама па-беларуску. Я ў яе пісала курсавыя і дыплёмную працы - па-беларуску таксама. Лічу, у гэтым мне пашчасьціла. Выкладчыкі Тэхналягічнага інстытута - Дзямід Мікола Пятровіч і Дзядзюля Павел Васілевіч ладзілі для нас, студэнтаў, вандроўкі - у Заслаўе, па Меншчыне, Лагойшчыне - вазілі, паказвалі, расказвалі. Тут і моўная практыка для нас была. Вось так, падчас свайго студэнцтва, а гэта быў пачатак 1990-ых гадоў, я і прыйшла да актыўнага карыстаньня беларускаю мовай.

Ігар, бухгальтар

Як я прыйшоў да роднай беларускай мовы? Натуральным чынам, бо жыву на гэтай зямлі, якая ёсьць беларускай. Мая бабуля па маці - беларуска, якая не адраклася ад сваёй мовы і не імкнулася размаўляць на "культурном русском языке". І для мяне, колькі сябе памятаю, беларуская мова была сваёй, натуральнай. Калі я ўвосень вяртаўся зь вёскі ў Менск, сябры пыталіся: "Что это ты на беларуском языке разговариваешь?" - і я адразу пераходзіў на расейскую мову. Калі ж прыязджаў на лета ў вёску наступным разам - ізноў неўпрыкмет пачынаў размаўляць па-беларуску...

Але паступова "савецкае выхаваньне", скіраванае на фармаваньне зь мяне "культурного (чытай - расейскамоўнага) человека", зрабіла сваю справу і ў школьныя гады я нават пагардліва ставіўся да нашай мовы. Праўда, у старэйшых клясах, з маім станаўленьнем як асобы, памянялася і тое маё стаўленьне. Калі вывучалі па праграме раман Івана Мележа "Людзі на балоце" - зразумеў, якая гэта грунтоўная кніга. А ў мяне ж існавала - пад уплывам "общественного мнения" - уяўленьне, што па-беларуску "ничего интересного написать невозможно". І гэта ня толькі пад уплывам адукацыі, але і ўсяго нашага жыцьця, калі толькі й дзяўбецца: "Ах, эт-ж по-белорусски! Ах, это белорусское радио! Ах, это белорусское телевидение"... Такое пагардлівае стаўленьне, выпеставанае ў часы каляніялізму, атручвае падсьвядомасьць, і яго потым цяжка пазбыцца. Цяжка пачынаць чытаць па-беларуску, калі да гэтага не прывучаны. Тую ж кнігу "Людзі на балоце" я доўга чытаў, можа, два месяцы, кожны дзень па паўгадзіны-гадзіне. Але далей - болей, я стаў чытаць беларускую літаратуру, набываць кнігі, часопісы, пачаў шукаць беларускамоўных людзей, каб зь імі стасавацца. І цяпер хацеў бы заўжды карыстацца толькі роднай моваю, такою жа "людзкай і панскаю", як і кожная іншая.

Сяргей, індывідуальны прадпрыймальнік

Маё маленства прайшло ў горадзе усесаюзнай будоўлі Сьветлагорску. Гэтым сказана ўсё, бо мовай "савецкага інтэрнацыяналізму і камунізму" была выключна расейская.

Але вось пасьля школы прыехаў паступаць у інстытут у Менск. І тым першым мінаком, да якога я, прыехаўшы ў беларускую сталіцу, зьвярнуўся, аказаўся беларускамоўны Чалавек, які надта добра (і бескарысьліва) дапамог мне зрабіць патрэбныя крокі на новым, самастойным шляху.

Тая выпадковая сустрэча і сталася для мяне сьвятлом, якое дапамагло выйсьці на прыўкрасны гасьцінец роднай беларускай мовы.

Сьвятлана, выкладчыца музыкі

Маё дзяцінства прайшло на Стаўбцоўшчыне, у сям'і настаўнікаў. Бацька - мясцовы, з Рубяжэвічаў, мама - усходніца, зь Віцебску (прыехала працаваць сюды пасьля вайны, паколькі заходнія, нядаўна далучаныя вобласьці, былі больш хлебныя). Расла я зь вясковымі дзецьмі - Данкамі, Вандамі, Чэсямі, Стасямі - і з дзяцінства чула вакол сябе вельмі добрую беларускую мову, сама ёю размаўляла. Але дома ў нас расейская мова лічылася нібы больш інтэлігентнай - гэта йшло ад маці, якая была ў сям'і нібыта "ідэёлягам", усе яе слухаліся (сама яна скончыла расейскамоўную вучэльню, да таго ж вайну перабывала ў Расеі - у Арэнбурзе).

Бацька напачатку выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе, то, натуральна, і дома мова гучала, у размовах закраналіся літаратурныя тэмы; але з цягам часу перайшоў на адміністратыўную работу (дырэктар школы, пасьля загадчык РАяНА) і, "як належыць" у нас начальству, паступова стаў карыстацца пераважна расейскай мовай, дакладней яе мясцовым варыянтам.

Ужо ў Стоўбцах я трапіла зь вясковай беларускай школы ў гарадзкую расейскую (зноў-такі, як бы "вышэйшую статусам, больш пэрспэктыўную"). Тут ужо і мае новыя сябры карысталіся галоўным чынам мясцовым варыянтам расейскай мовы - у гэтым я і "варылася".

Што ж да беларускай мовы, то я яе ведала з дзяцінства, чытала шмат беларускамоўных кніжак (памятаю, тыя ж "Прыгоды Бураціна" я чытала ў беларускім перакладзе). Абедзьве мовы суіснавалі ў маёй сьвядомасьці без усялякіх праблем, але на ўзроўні падсьвядомасьці усё ж укаранялася ўяўленьне, што беларуская мова - "вясковая", "адсталая", "учарашні дзень", а расейская - "гарадзкая", "пэрспэктыўная", "інтэлігентная", і "менавіта ёю трэба карыстацца адукаванаму чалавеку". У дзяцінстве ўсе мы вучыліся ад старэйшых і ўспрымалі сьвет некрытычна, не задумваючыся асабліва над нейкімі складанымі для нас рэчамі.

Такая моўная іерархія не парушылася, а нават болей замацоўвалася падчас вучобы ў інстытуце. Менск гаварыў па-расейску: уся інфармацыя, усё, што мы бачылі і чулі, падавалася амаль выключна на адной гэтай мове. Беларуская мова і літаратура вывучаліся, але толькі як прадметы, усе так да іх і ставіліся. Крыўдна ўсё ж, што нашыя выкладчыкі гэтых прадметаў ставілі сваёй задачай толькі даць пэўныя веды, але ня выхаваць нас нацыянальна сьвядомымі людзьмі, мала тлумачылі нам значэньне роднай мовы менавіта ў нашым жыцьці і ў жыцьці народа. Магчыма дзесьці ўскосна пра гэта і казалася (і хто меў вушы, той чуў, вядома), але ніколі - адкрыта, непасрэдна, а з намі так і трэба было гаварыць. Але ж такія тады былі часы. Не было ўстаноўкі, дык не было і такой размовы. І мы ў сваёй большасьці так і засталіся сьляпымі і несьвядомымі, хоць і з вышэйшай адукацыяй.

Калі ж пасьля заканчэньня інстытута я ўладкавалася на працу ў пэдагагічную вучэльню выкладчыцай музычных дысцыпнінаў, то патрэба ў беларускай мове адпала зусім. У гэтай краіне (СССР), у гэтым горадзе, на гэтай працы, у гэтым асяродзьдзі можна было і не ўспамінаць ніколі, што ты беларуска, што ў цябе ёсьць твая родная беларуская мова.

Разуменьне ненармальнасьці такога стану рэчаў прыйшло пазьней, упершыню, здаецца, падчас знаходжаньня на курсах удасканаленьня кваліфікацыі ў Кіеве (гэта быў канец 1970-ых гадоў). Туды зьязджаліся выкладчыкі музычных дысцыплін сярэдняга спэцыяльнага і вышэйшага зьвяна з усяго Савецкага Саюза, але найбольш з Украіны. Мяне тады моцна ўразіла, што ўсе ўкраінцы карысталіся ўкраінскаю мовай - і ў побыце, і на занятках, што яны ведалі мноства ўкраінскіх песень і цудоўна іх сьпявалі. Што многія зь іх выдатна ведалі ўкраінскую літаратуру ды гісторыю, часта вялі размовы на такія тэмы. Усё гэта выглядала на нейкі зусім іншы культурны ўзровень, чым у тых жа выкладчыкаў у нас, дый зусім інакшы ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці (з такой зьяваю я ўвогуле ўпершыню сутыкнулася). Тут і мне, ці ня ўпершыню спатрэбілася веданьне беларускае мовы - для лепшага паразуменьня з украінцамі, а таксама, калі ўзьнікла патрэба зрабіць пераклады зь беларускай ды штось там удакладніць па просьбе нашых выкладчыкаў. Мне было прыемна, што я здолела зрабіць гэта без усялякіх праблемаў - адна сярод усіх нашых, зь Беларусі. Калі ж наступным годам я патрапіла ў Львоў і Закарпацьце, то зноў адчула сябе ў атмасфэры калярытнай украіншчыны - прыгожая ўкраінская мова, дзівосныя песьні. На гэтым фоне нашая звыклая саветчына выглядала нейкай нібыта плебэйскай і нават пашлаватай. Прайшоў час, і гэтак сама я пачала ўспрымаць яе ў параўнаньні з усім сапраўдным беларускім.

Урэшце там, ва Ўкраіне, я ўбачыла іншае стаўленьне да роднай мовы, прыклад таго, як быць павінна. Але мой шлях да беларускай мовы быў яшчэ доўгім. Першыя званочкі зазьвінелі дзесьці ў сярэдзіне 1980-ых. Я заўсёды шмат чытала (чытаньне ў савецкія часы замяняла многім з нас жыцьцё), і ня толькі па-расейску, але й па-польску, па-украінску і, вядома, па-беларуску. Тады ўжо любіла паэзію, чытала шмат вершаў. Дык вось, вершы на беларускай мове выклікала нейкі надзвычайны рэзананс. Сам іх тон, мэлёдыя зачароўвалі, я адчувала ў іх нейкую асабліва моцную энэргетыку, непадробнасьць, сапраўднасьць, натуральнасьць. Асобныя словы і выразы падаваліся надзвычай шляхетнымі, нібыта рамантычна-старадаўнімі, і закраналі патаемныя струны душы, вабілі нейкай таямнічасьцю, неспазнанай запаветнай глыбінёй. Рабілася крыўдна, што я не магу (а чаму не магу?), ні так пісаць, ні гаварыць па-беларуску. Аднойчы, болей жартам, я паспрабавала напісаць вершы па-беларуску. На зьдзіўленьне, у мяне штось атрымалася. Пасьля яшчэ, і яшчэ... Гэта азначала, што я ведаю мову лепей, чым мне здавалася. Родная беларуская мова нібыта ляжала на дне сьвядомасьці незапатрабаваная і чакала свайго часу. Ува мне абудзілася цікавасьць да ўсяго беларускага, я пачала болей пісаць і чытаць на мове, наведваць літаратурныя вечарыны, выпісваць беларускамоўныя выданьні, паступова пачала гаварыць па-беларуску. Мая беларуская мова паступова выйшла са стану анабіёзу і абудзілася да актыўнага жыцьця. І калі ў канцы 1980-ых пачалося ў Беларусі нацыянальнае адраджэньне, я ўжо была да яго падрыхтаваная. Адразу ўспрыняла адэкватна ўсе яго ідэі, ісьціна адкрылася мне, здавалася, без прамаруджаньня. Я ўбачыла мноства вельмі разумных, сьмелых, высакародных людзей, якія адкрыта і натуральна карысталіся беларускаю мовай. І гэта выглядала сапраўды інтэлігентна, шляхетна, прыстойна! Як прыгожа, годна загучала беларуская мова ў Вярхоўным Савеце! А на розных сходах, мітынгах, зьездах, канфэрэнцыях, сустрэчах! Наша мова нібыта вырвалася з палону, дзе яе трымалі русіфікатары, узьнялася на сваіх крылах і залунала ўвышыні, там, дзе яе месца адвеку.

З гэтага часу жыцьцё маё перамянілася, бо ў ім зьявіўся высокі сэнс - служыць сваёй Радзіме і роднай мове і быць у гэтым разам зь лепшымі людзьмі Беларусі.

Тэмы дыскусіяў

1. Што дае мне Беларуская Мова?

2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?