mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

Сьвятлана, выкладчыца музыкі

Беларуская мова ніколі не была для мяне чужой ці незразумелай, бо для мяне гэта мова майго дзяцінства і часткова - адукацыі. Таму я, можна сказаць, ня мела (як гэтак званыя кніжныя беларусы) асаблівых праблемаў з беларускім вымаўленьнем ды сынтаксам. Але часы татальнай русіфікацыі, доўгае існаваньне ў суцэльным расейскамоўным асяродзьдзі, не прайшлі, вядома, бяз стратаў. Калі я ўсьвядоміла неабходнасьць карыстацца роднай беларускай мовай ды займела такое жаданьне, то не адразу гладка тое пайшло. Не было натуральнай, непасрэднай сувязі паміж мысьленьнем і маўленьнем, бо думала я па-расейску, а таму мусіла ўвесь час рабіць сынхронны пераклад, падшукваць словы і, вядома ж, не заўжды хутка і ўдала іх знаходзіць. Патрабавалася практыка, трэніроўка, а для гэтага - адпаведныя ўмовы, асяродзьдзе. Шмат хто з гэтага робіць праблему, што ж да мяне, то я вырашыла яе элемэнтарна-проста: пачала размаўляць па-беларуску з уласным мужам, а таксама са сваімі блізкімі (паступова і яны ўсе пад маім уплывам пераходзілі на беларускую мову), пасьля - з сябрамі і знаёмымі, сярод якіх знайшлося шмат беларускамоўных. Яны самі знайшліся, калі толькі я зацікавілася беларушчынай, адраджэнскім рухам. Тут варта было толькі зачапіцца - і кола пакацілася, перада мной расчыніўся цэлы сьвет: вечарыны, лекцыі, сэмінары, канфэрэнцыі, сустрэчы, прэзэнтацыі, сьвяты, вандроўкі, удзел у дзейнасьці розных арганізацыяў, клюбаў і да т.п. Усё гэта стымулявала хуткае авалоданьне вуснай, гутарковай беларускай мовай. Такім чынам вырашалася праблема пераводу сваёй беларускай мовы з пасіўнага стану ў актыўнае карыстаньне, а таксама ўзбагачэньне яе, разьвіцьцё і ўдасканаленьне. Вырашэньнем гэтай задачы я занялася мэтанакіравана, скарыстоўваючы ўсе даступныя мне сродкі. Тут можна было б вылучыць наступныя віды дзейнасьці:

  1. Чытаньне. Пашырыла аб'ём беларускай літаратуры ў сваім штодзённым чытаньні, падпісалася на мноства беларускамоўных выданьняў. У працэсе чытаньня ў полі асаблівай увагі пастаянна трымаю моўныя сродкі кожнага тэксту, раблю выпіскі, вяду свой асабісты слоўнічак, куды запісваю ўсе ўпадабаныя словы і выразы.
  2. Пісьмо. Пішу ўсё па-беларуску: дзёньнікі, лісты, розныя запісы, дзелавыя паперы, літаратурныя практыкаваньні і г.д. Гэта вымагае самага актыўнага карыстаньня мовай, вывучэньня слоўнікаў, пашырэньня слоўнікавага запасу, выпрацоўкі стылю, навыкаў пісьмовай мовы і г.д.
  3. Пераклады. Вельмі шмат перакладаў давялося рабіць на працы - розных дзелавых папер і іншых тэкстаў. Працавала над тэрміналёгіяй па сваім прадмеце. Займалася і займаюся перакладамі для сябе, у мэтах моўнай практыкі.
  4. Навучаньне ў добрых спэцыялістаў. Напачатку 1990-ых пашчасьціла займацца мовай на вечаровым аддзяленьні Беларускага гуманітарнага ліцэю ў сп.Вячоркі, пазьней - прайсьці курс культуры мовы, які чытала спн.Людміла Дзіцэвіч у Таварыстве беларускай мовы. Лічу, што гэтыя заняткі далі мне вельмі шмат для авалоданьня сучаснай беларускай мовай, ачышчэньня яе ад русізмаў.
  5. Публічнае карыстаньне беларускай мовай у працэсе камунікаваньня, выкладаньня па-беларуску, выступаў, лекцыяў і да т.п. Гэта стымулявала адказныя адносіны да прамоўленага слова, да выразнасьці, дакладнасьці і чысьціны ўласнага маўленьня.

На заканчэньне хачу сказаць, што вучыцца і ўдасканальвацца, на мой погляд, неабходна на працягу ўсяго жыцьця, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. І гэта датычыць ня толькі прафэсійнай падрыхтоўкі, але і агульнага гуманітарнага разьвіцьця, а ў дадзеным выпадку - валоданьня роднай мовай, у чым мы усе маем у нашай краіне (дзякуючы "особенностям" нашай сыстэмы адукацыі) пэўны дэфіцыт ведаў і навыкаў.

Сяргей, псыхоляг

У школе я вучыўся па-за межамі Беларусі. Калі вярнуўся на Радзіму - адчуў сябе беларусам, але беларускаю мовай не валодаў. Зацікавіўся ёю, захацеў яе асвоіць. Дык што я рабіў? Спачатку я чытаў беларускія кнігі. Было вельмі цяжка бяз веданьня мовы. Купляў розныя слоўнікі, і маю насёньня вялікі іх збор. Я раю ўсім, хто недастаткова ведае мову, як найчасьцей карыстацца слоўнікамі. Акрамя чытаньня кніг, слухаў беларускую службу радыё "Свабода" (калі мне выпадала злавіць гэтую станцыю). Для мяне важна было тое, што там сапраўдная беларуская мова, не наркамаўка, не кранутая русіфікацыяй. Каб авалодаць вусным маўленьнем, я чытаў на магнітную стужку беларускія тэксты, беларускія вершы. Прачытаю, праслухаю, убачу свае памылкі, зноў чытаю, пасьля зноў і зноў, і гэтак паступова ўдасканальваў сваё вымаўленьне. Выпісваў незразумелыя словы ў нататнік і шукаў па слоўніках іх значэньне; раблю тое дагэтуль. Слоўнікаў у мяне, як ужо казаў, шмат. Вось, напрыклад, "Слоўнік паўночна-заходняй гаворкі" утрымлівае шмат самабытных беларускіх словаў, якія дарэчы, сустракаюцца ў творах Рыгора Барадуліна, паколькі ён паходзіць з тых мясьцінаў. Ёсьць шматслоўны "Тураўскі слоўнік", слоўнік Даля, які зьмяшчае шмат беларускіх словаў пад пазнакай "западно-русскіе" альбо "местные". Маю слоўнікі Янкі Станкевіча, Ластоўскага, Байкова, "Этымалягічны слоўнік" (тыя тамы, што выйшлі), "Гістарычны слоўнік беларускай мовы" (тыя тамы, якія выйшлі), сямітомны "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы". І вось з тых малаўжываных словаў, якія я знайшоў і растлумачыў, я сам склаў невялічкі слоўнічак. З дапамогаю сяброў я яго раздрукоўваў і распаўсюджваў сярод знаёмых - для карыстаньня.

Да таго ж я шукаў і знайшоў беларускамоўнае асяродзьдзе. Для свабоднага валоданьня мовай вельмі важна пераступіць мяжу нерашучасьці, а для гэтага патрэбнае асяродзьдзе, дзе б ты адчуваў сябе свабодна і нязмушана, дзе б можна было спрачацца, закранаць у размове разнастайныя тэмы. Гэта жывая гаворка, і толькі так жывую гаворку можна асвоіць! Я пачаў размаўляць па-беларуску і на сваёй працы - з тымі, хто прыходзіў да мяне па псыхалягічную дапамогу. Друкаваў у газэтах абвесткі, што гатовы аказаць псыхалягічную дапамогу па-беларуску. І яшчэ дзесьці гадоў 7-8 таму да мяне прыходзіла шмат беларускамоўных пацыентаў - прыкладна 10 адсоткаў ад агульнай колькасьці.

У 1992 годзе я вырашыў выкладаць асновы псыхалягічных ведаў, склаў праграму, якую зацьвердзіла Міністэрства адукацыі і пасёньня (пайшоў ужо адзінаццаты год) выкладаю ў Беларускім гуманітарным ліцэі "Уводзіны ў сацыяльную псыхалёгію" як ліцэйскі кампанэнт.

Усё гэта дапамагло мне авалодаць асновамі беларускае мовы. Але беларуская мова - гэта вялікі пласт, гэта процьма лексікі, мноства розных адценьняў, шматзначнасьць у розных словах. Я разумею гэта і асэнсоўваю, што беларускай мовай пакуль валодаю не бліскуча, і ў сэнсе авалоданьня ёю знаходжуся ўсё яшчэ на шляху. Таму мяркую гэты шлях працягваць, узбагачаць і ўдасканальваць сваю беларускую мову далей.

Ігар, бухгальтар

Разуменьне, што я павінен ведаць беларускую мову пачалося ў мяне з адказу на пытаньне, дзе я жыву, і што гэта - мая родная мова. Такое разуменьне заўжды было ў падсьвядомасьці, але трэба было яго ясна асэнсаваць і праз тое прыйсьці да патрэбы валоданьня беларускаю мовай.

А паглыбляў я свае школьныя веды беларускае мовы гэтак. Напачатку проста чытаў па-беларуску кнігі, пазьней - газэту "Наша Ніва". Калі сустракаліся невядомы словы - шукаў па слоўніках. Я і цяпер лічу, што найлепшы шлях да авалоданьня мовай - гэта менавіта чытаць слоўнікі, і ў першую чаргу такія, як слоўнік Станкевіча. Але на дадзены момант мой слоўны запас падаецца нішчымным, бо нячаста даводзіцца размаўляць па-беларуску. Ды ўвечары якія дзесяць старонак пашчасьціць прачытаць у кнізе, і тое добра, бо шмат часу праца забірае... Але я заўважыў, што апошнім часам, якую бы кнігу я ні чытаў, даўно ўжо не было, каб сустрэлася незнаёмае слова. Магчыма, што размаўляю я па-беларуску ня вельмі дасканала, але з чытаньнем ужо ніякіх праблемаў ня маю.

На маю думку, удасканальваць валоданьне роднай мовай можна ўсё жыцьцё. Што ж да мяне асабіста, то лічу, што я толькі ў самым пачатку.

Людміла, мэнэджэр, спэцыялістка па арганізацыі прамысловых выставаў

Авалоданьне беларускай мовай я пачынала амаль з нуля, бо, як дачка вайскоўца, я была пазбаўленая вывучэньня беларускай мовы ў школе, дома таксама яе ня чула. Дзесьці ў канцы 1980-ых - пачатку 1990-ых, магчыма, на хвалі новага нацыянальнага адраджэньня, да мяне прыйшло ўсьведамленьне неабходнасьці валоданьня і карыстаньня беларускай мовай. Вядома, і да гэтага ў мяне былі такія выпадкі, якія далі мне магчымасьць зразумець ненатуральнасьць такога становішча з нашай мовай - калі ёсьць краіна, ёсьць свая мова, а людзі ў масе сваёй ад яе адлучаныя.

Трэба было неяк пачынаць, але як пачаць, калі мовы гэтай зусім ня ведаеш? Я стала чытаць па-беларуску і пачала, вядома ж, з самага складанага - з твораў Караткевіча. Нават ніколі ня думала, што будзе так складана. Калі чула беларускую мову па радыё ды па тэлебачаньні, то збольшага ўсё разумела. Але тут сутыкнулася з такім багацьцем новай для мяне лексыкі, што не магла ўлавіць сэнсу прачытанага. Я абклалася слоўнікамі і літаральна праз слова мусіла да іх зьвяртацца, каб штосьці зразумець. Выпісвала шмат словаў, каб паўтараць і лепей запамінаць. Такім чынам чытала першую кнігу - гэта было "Дзікае паляваньне караля Стаха" - можа, паўгады. Далей было ўжо лягчэй, і паціху-патроху я прызвычаілася чытаць па-беларуску.

У мяне зьявіліся беларускамоўныя знаёмыя, адна з сябровак параіла выпісаць "Наша Слова", што я і зрабіла. Мне гэтае газэты хапала дакладна на тыдзень, пакуль яе прачытаю. Да таго ж я імкнулася як мага болей чытаць уголас, каб выпрацаваць вымаўленьне. Кантралявала сябе ўласным слыхам, бо ніякіх правілаў не вывучала, але інтуітыўна адчувала, калі што ня так. Школьныя заданьні сына па беларускай мове выконвала, можна сказаць, разам з ім - супольна чыталі і слухалі адно аднаго. Але ўсё ж адчувала, што на размоўны ўзровень такім чынам ня выйдзеш, трэба шукаць беларускамоўны асяродак. Стала наведваць заняткі народнага ўнівэрсытэта - гэта быў ужо, відаць апошні год яго дзейнасьці, калі я туды трапіла. Мне вельмі спадабалася. Чыталі лекцыі такія знакамітасьці, як Баршчэўскі, Вячорка, Хадыка, Голубеў, Юхо і многія іншыя - усё па-беларуску, была цудоўная магчымасьць чуць дасканалую, сакавітую беларускую мову. Тое сталася для мяне далейшым стымулам у дасканаленьні валоданьня роднай мовай.

Потым я патрапіла ў клюб "Спадчына" Анатоля Белага. Сябры клюба - пісьменьнікі, мастакі - складаюць сапраўднае беларускамоўнае асяродзьдзе. Там я пазнаёмілася з новымі людзьмі і, дзякуючы гэтым знаёмствам, стала хадзіць яшчэ на біблійны сэмінар, які вёў Юры Хадыка. Тут была магчымасьць вучыцца ўсяму разам - мове, гісторыі, чытаць Біблію. Біблію я ўжо даўно хацела прачытаць, але сама, лічыла, яе не адолею. А гэта быў нібы падарунак лёсу - вывучэньне Бібліі па-беларуску! За два гады, пакуль доўжыўся сэмінар, я ўсё гэта адолела і перачытала, нават некалькі разоў - як усё, за што бяруся - выпісваючы , завучваючы некаторыя фрагмэнты напамяць.

І ўсё ж я бачыла, што і гэтага мала для авалоданьня мовай. Я зацікавілася кнігамі Аляксандра Меня (у яго ёсьць 7-томавая "Гісторыя рэлігіі"), стала чытаць іх і дасканала прапрацоўваць, а каб адначасова практыкавацца ў беларускай мове, спрабавала для сябе рабіць пераклады Меня на беларускую мову. Гэта вельмі няпроста, бо самі тэксты складаныя, філязофскія, Перарабляла свае пераклады па некалькі разоў, увесь час іх удасканальваючы. Вядома, тое, што ў мяне атрымалася, назваць прафэсійным перакладам складана, але сам працэс перакладу дае вельмі добрую практыку, пашырае слоўнікавы запас. Даводзіцца ўвесь час вышукваць найбольш адпаведныя словы, выбудоўваць сказы, каб усё добра гучала на нашай мове.

Мне давялося даволі доўга авалодваць беларускай мовай, бо я ня мела аніякай базы. Хадзіла на курсы па культуры мовы пры Таварыстве беларускай мовы, якія вяла Людміла Дзіцэвіч. У выніку ўсіх намаганьняў я авалодала і гутарковай, і пісьмовай мовай (магчыма, не на такім узроўні, як філёлягі, але я такой мэты і ня ставіла), у кожным разе мне ня сорамна падтрымаць размову па-беларуску ў любым, нават незнаёмым асяродзьдзі.

Вопыт авалоданьня мовай ва ўсіх, відаць, падобны. Мне здаецца, самае важнае ў гэтай справе - гэта мець сьвядомае жаданьне. Бяз гэтага ня будзе належнай сыстэмы. Я лічу, што можна вучыць усё ў любым узросьце, было б толькі сьвядомае жаданьне. Часта даводзіцца чуць: "Вучыцца трэба зь дзяцінства, іначай нічога ня будзе". Але гэта, на маю думку, няпраўда. Дзіця вучыцца несьвядома, дзеля чаго яно нешта вучыць - цалкам не разумее. Але калі чалавек робіць штосьці сьвядома, асэнсавана, то ён за год зробіць тое, што дзіця - за пяць гадоў. Мой уласны досьвед паказвае, што меўшы сьвядомае жаданьне, можна горы перавярнуць і стварыць цуд - такі, які адбыўся ў маім жыцьці. Даўней ніколі б не паверыла, каб мне сказалі, што буду свабодна размаўляць па-беларуску. Але Я зьдзейсьніла гэты цуд!

Сьвятлана, біёляг

На шчасьце, у малентве я не была пазбаўленая беларускамоўнай стыхіі, у адрозьненьне ад некаторых маіх аднагодкаў.

Жывую беларускую мову, няхай і ў неапрацаваным, нелітаратурным выглядзе, я асвойвала непасрэдна праз сваю радзіну: бабулю, дзеда, калі прыязджала на лета да іх у госьці, а таксама праз маму, мова якой, бы дыямэнтамі, перасыпаная беларускімі слоўкамі, прыказкамі ды прымаўкамі.

Вучылася ў савецкай школе, зь яе цынічным стаўленьнем да навучаньня беларускай мове (даходзіла да таго, што ад вывучэньня мовы - вядома ж, не расейскай! - вызвалялі, нават, "па стану здароўя"). Пасьля - унівэрсытэт - ужо ў пасавецкія часы, калі стаўленьне да беларускай мовы крыху памянялася да лепшага. У выніку, сыстэма адукацыі дала мне пэўныя базавыя веды літаратурнай беларускай мовы.

Далей - "працоўная школа", якая, на сёньня ў Беларусі пераважна ёсьць школай адвучэньня ад роднай мовы. Маладыя спэцыялісты ставяцца ва ўмовы, калі ўжываньне ў працоўнай дзейнасьці беларускай мовы ёсьць настойліва непажаданым (хоць фармальна і не забароненым), і толькі ў лепшым выпадку - асабістаю справаю работніка. Вядома, можа быць і сытуацыя, калі беларуская мова ёсьць хлебам надзённым, але гэта, лічу, на сёньня шчасьлівыя выключэньні.

Мая праца, дзякаваць Богу, не рэглямэнтавала моўны аспэкт, таму сярод маіх калегаў-навукоўцаў - нямала беларускамоўных і кантактаваньне зь імі сталася добрай магчымасьцю ў практыцы гутарковай беларускай мовы. Супраца з паважанымі беларускамоўнымі калегамі абудзіла і ў мяне жывую цікавасьць да беларускай мовы, зрабіла яе маёй штодзённай жыцьцёвай неабходнасьцю.

Дасканалю ж сваю беларускую мову звычайна: кантактую па-беларуску (найперш у сям'і, з сябрамі), слухаю беларускія песьні - ад сучасных да фольку, чытаю беларускія кнігі, часопісы, газэты, пры магчымасьці, гляджу цікавыя беларускамоўныя праграмы, фільмы па тэлевізіі (да жалю, іх пакуль небагата).

Да таго ж, разам з мужам навучаю роднай беларускай мове сваіх яшчэ маленькіх дзетак. Для іх беларуская мова ёсьць першай, бацькоўскай, матчынай.

Тэмы дыскусіяў

1. Што дае мне Беларуская Мова?

2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?