mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

Сяргей, псыхоляг

Думаць пра стан беларускай мовы, пра тое, што трэба дзеля яе штосьці рабіць я пачаў ужо гадоў трыццаць-трыццаць пяць таму. Я лічыў, што чым болей людзей размаўляе па-беларуску, ці, хаця б, чым болей людзей чуе, як я размаўляю, тым больш будзе карысьці для беларускай мовы. Калі ты ня ведаеш родную беларускую мову, які ты тады беларус? А размаўляеш - робіцца бачна, што ты ведаеш мову і шануеш яе, зьяўляецца станоўчы прыклад, узор для перайманьня.

У 1971 годзе я пачаў выяўляць сябе ў гэтым кірунку: пісаў нейкія лісты ў газэты - па-беларуску - у якіх клапаціўся, каб беларусы мелі сваё беларускае слова. Вось, напрыклад, у газэце "Літаратура і мастацтва" ў сьнежні 1971 году быў надрукаваны мой ліст пра тое, што трэба для беларусаў выдрукаваць такую бібліятэку, як "Скарбы роднай літаратуры", у якой сабраць лепшыя літаратурныя творы лепшых беларускіх аўтараў, пачынаючы ад Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Сімяона Полацкага, Міколы Гусоўскага. Праз шмат гадоў гэтая мая прапанова пачала нібыта зьдзяйсьняцца - у "залатой сэрыі" выдавецтва "Беларускі кнігазбор".

Як Вам вядома, я - лекар, псыхатэрапэўт. Слова - гэта мой інструмэнт, якім я гаю людзей. У 1992 годзе я пачаў друкаваць у газэтах абвесткі вось такога зьместу: "Псыхатэрапія пры жыцьцёвых нягодах. Беларускамоўная. Бясплатная. Вы застаецеся ананімнымі. Папярэдні запіс..." Падаваў свой нумар тэлефона, па якім мяне знаходзілі беларускамоўныя людзі, і я праводзіў іхнае лекаваньне менавіта на беларускай мове - гаючым родным словам.

Калі я размаўляю па-беларуску ў штодзённым жыцьці, то тым самым "уцягваю" ў карыстаньне моваю і іншых.
Да таго ж я маю каля 20 публікацыяў у газэтах ("Народная воля", "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Наша слова") пра значэньне, пра псыхалягічнае ўзьдзеяньне беларускае мовы.

Вось тое, што я рабіў ды пляную надалей рабіць для нашае мовы.

А яшчэ я пляную напісаць (безумоўна, па-беларуску) сваю біяграфію - летапіс пра беларуса, які жыў на мяжы тысячагодзьдзяў, дзе на фоне падзеяў свайго жыцьця мяркую вылучыць такія тэматычныя разьдзелы: "Я і свабода", "Я і ўлада", "Я і праца", "Я і мова", "Я і прырода", "Мэты жыцьця" ды іншыя - прыкладна 20-30 разьдзелаў, у якіх адлюстраваў бы сваё стаўленьне да сучасных праблемаў, да сваіх праблемаў, вядома. Да таго ж разам са сваім сябрам я распачаў работу над складаньнем картатэкі беларускіх крылатых словаў і трапных выразаў, узятых зь літаратурных крыніц (тое, што можна знайсьці ў творах Ф.Скарыны, Л.Сапегі, С.Буднага, А.Міцкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, У.Караткевіча ды многіх іншых знакамітых беларусаў), з тым, каб пасьля выдаць, магчыма, кнігу.

Людміла, мэнэджэр, спэцыялістка па арганізацыі прамысловых выставаў

Напэўна, самае большае, што я зрабіла для беларускае мовы, гэта тое, што я ёю авалодала, стала яе носьбітам, захавальніцай. На жаль, беларускае мовы я ня ведала, не вучыла яе ў школе, ня мела беларускамоўнага асяродку і першыя 40 год свайго жыцьця так і пражыла, як расейскамоўная грамадзянка Беларусі. Калі ж Беларусь стала сувэрэнннай дзяржавай, а беларуская мова - дзяржаўнай мовай нашае краіны, я вырашыла, што жадаю яе ведаць. Шлях быў вельмі складаны, але ўсё-такі гэты цуд адбыўся ў маім жыцьці. Бо для мяне гэта сапраўды цуд: калі я чула як людзі нязмушана размаўляюць па-беларуску, то зайздросьціла ім, ніколі ня думала, што сама буду гэтак свабодна гаварыць. Гэта была такая вяршыня, якую я, здавалася, ніколі не адолею. Тым, што ўсё ж адолела - ганаруся.

На працы ўсе ведаюць пра маю прыхільнасьць да беларускае мовы, хоць я працую ў такой установе, дзе яна, да жалю, амаль не гучыць. У нас ёсьць два супрацоўнікі, якія скончылі філялягічны факультэт БДУ, паводле адукацыі - настаўнікі беларускае мовы, але, калі яны спрабуюць гаварыць па-беларуску, слухаць іх проста немагчыма. А яшчэ лічыцца, што гэтая навучальная ўстанова дае добрую падрыхтоўку! Нават я, якая атрымлівала зусім далёкую ад беларускай філялёгіі вышэйшую адукацыю, валодаю мовай лепш.

Цікаўлюся беларускай паэзіяй, можна сказаць, адкрыла яе для сябе, вельмі люблю беларускі фальклёр і вывучаю яго. Хаджу ва ўніяцкую царкву. У нашай парафіі шмат моладзі, якая хацела б ведаць нашыя беларускія песьні. Да жалю, насёньня ў нас людзі ня ведаюць сваіх песьняў, і калі дзесьці ў іншых краінах іх просяць засьпяваць Сваю песьню - ня могуць гэтага зрабіць. Так здаралася і з нашай парафіяльнай моладзьдзю. Дык вось, я пагадзілася навучыць усіх ахвотных парафіянаў тым, прынамсі, 15-20 песьням, якія ведаю сама. Бо гэта вельмі важна. Францішак Багушэвіч казаў: "Той люд жыве, хто свае песьні мае".

Можа, ужо гады тры атрымліваецца, што я займаюся беларускімі паштоўкамі. Надыходзіць нейкае сьвята - каляды, Новы год, 8 сакавіка - пачынаеш шукаць "днём з агнём" беларускія паштоўкі ў шапіках ды кнігарнях. Я неаднаразова пісала лісты або тэлефанавала ў нашае Міністэрства інфармацыі (тады было - Міністэрства друку), каб яны не забываліся пра беларускамоўныя паштоўкі. Рабіла гэта настойліва. Запісвала прозьвішчы тых, з кім ужо размаўляла, адшуквала гэтых людзей наноў, нагадвала, і ў выніку да сьвята нешта такое выходзіла...

На працы ў нас уся дакумантацыя ідзе па-расейску. Але летась я зрабіла адну паперу, якую мы дасылаем у шмат адрасоў - афіцыйны ліст-запрашэньне да ўдзелу з усёй інфармацыяй пра выставу - для беларускіх удзельнікаў па-беларуску. Разаслала яе прыкладна на 600 адрасоў. Празь нейкі час пайшлі тэлефанаваньні: "Патлумачце, калі ласка, што гэта такое? Я ня вельмі добра разумею беларускую мову, ці можна прыслаць па-расейску"? Я адказваю: "Ведаеце, я гэты ліст рыхтавала на трох мовах: па-беларуску, па-расейску і па-ангельску. Магу Вам даслаць расейскі варыянт, або нават па-ангельску, але там будуць зусім іншыя тарыфы: для беларусаў мы зрабілі зьніжкі і вельмі значныя". "Тады ня трэба, - кажуць, - хай будзе па-беларуску". І ўжо сёлета ніхто нічога не пытаецца - успрымаецца як належнае. Рэкляму выставы я таксама раблю па-беларуску. Надпісы на павільёнах - таксама. Калі выстава завяршаецца, мы ўзнагароджваем удзельнікаў. Мне рыхтуюць тэксты, а я іх перакладаю па-беларуску - усе тыя 40 дыплёмаў, па ўсіх намінацыях. Сяджу з гэтым цэлы дзень, бо для мяне гэта вялікая праца, якую ніхто ў нас болей зрабіць ня здолеў бы. Калегі нават не разумеюць, навошта гэта трэба, бо ім ад гэтага дадатковыя складанасьці. Калі я зрабіла так упершыню, дык скажу я Вам: гэта была падзея! Цяпер ужо прывыклі, і хоць, можа, каму не падабаецца - нічога ня кажуць. Ды і што тут можна казаць? Няма аргумэнтаў, каб выступаць супраць.
Галоўнае ж тое, што я размаўляю з навакольнымі па-беларуску і імкнуся гэта рабіць так, каб гучала прыгожа і ўсім падабалася. Ужываю розныя нашы прамаўкі і прыказкі, цікавыя выразы. Нават калегі па працы ўсе іх вывучылі і, часам, таксама карыстаюцца.

Думаецца ўсё ж такі, што гэтых нашых высілкаў мала. Трэба, каб дзяржава была на нашым баку, ці хаця б не замінала. Каб мы былі гаспадарамі сваёй зямлі, паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны. Бяз мовы гэта немагчыма.

Тамара, працуе ў навучальнай установе

Адказ на пытаньне "Што я раблю дзеля беларускае мовы?" нагадвае нейкую справаздачу. Але як можна рабіць справаздачу аб тым, што ты любіш? Таму магу толькі сьведчыць пра тое, што люблю, не акцэнтуючы ўвагі на тым за што люблю і што раблю.

Па сваім характары я чалавек асьцярожны і не магу раскрывацца ў асяродзьдзі незнаёмых і малазнаёмых людзей. Шчырай і адкрытай я магу быць толькі са сваімі аднадумцамі, напрыклад, у сваім беларускамоўным асяродку, у сваёй царкве. З чужымі людзьмі я вельмі асьцярожная і не раскрываюся, таму размаўляю з чужымі, галоўным чынам, па-расейску. Але... Але заўсёды ўжываючы беларускія сказы, прымаўкі, ці проста асобныя словы. І ўжо ў адпаведнасьці з тым, якая была рэакцыя на гэтыя закіды, я вызначаю пабудову адносінаў з гэтым чалавекам. Вельмі радасна вітаю, калі чалавек станоўча адрэагаваў на беларускія словы, ці сказы. Калі суразмоўца паставіўся абыякава, то я і не закранаю спэцыяльна гэтага пытаньня. Ну, хай сабе і так... Адкрыта варожых адносінаў да беларускае мовы я не сустракала. Абыякавасьць - так, а варожасьці - не. Збольшага людзі добра рэагуюць, і мяне гэта суцяшае. Каля свайго працоўнага стала я звычайна кладу якую-небудзь беларускамоўную газэту, кшталту "Нашага слова" або "Літаратуры і мастацтва". Гэтыя сыгналы нібы сьведчаць пра мяне і мае густы, урэшце, пра тое, што ёсьць такая літаратура і вось яна каля мяне ляжыць. А каля люстэрка ў мяне вісіць значак Таварыства беларускай мовы. Людзі, якія да мяне падыходзяць, глядзяцца ў люстэрка і адразу ж бачаць гэты значак.

На вялікі жаль, я яшчэ не валодаю ў такой ступені беларускаю мовай, як хацелася б. Буду ўдасканальваць свае веды, каб больш адкрыта і свабодна размаўляць па-беларуску.

І дома, у сям'і, мы ўсё больш карыстаемся беларускай мовай, хаця мой муж (маці ў яго - руская) раней карыстаўся выключна расейскай мовай. Буду вучыць роднай мове ўнукаў, адразу, з маленства, як некалі дачку, для якой гэта займела ў свой час вялікае значэньне, прынесла свой плён: яна любіць родную мову, размаўляе ёю.

Барыс, энэргетык

Я хацеў бы распавесьці пра тое, што я раблю ня гэтак для мовы, як для сябе. Я хацеў бы, каб мова заўжды мне спадарожнічала, была са мною. Калі мяне прызывалі ў войска на 3 гады (гэта было ў 1958 годзе) мне пашанцавала - я трапіў у частку, дзе былі ўсе хлопцы прызваныя зь Беларусі, толькі некаторыя сяржанты былі з іншых месцаў СССР. Набліжалася сьвята, праўда, з камуністычнай афарбоўкай - 40-годзьдзе ўтварэньня БССР. Мы вырашылі з гэтае нагоды зрабіць фотамантаж і ўсе надпісы выканалі па-беларуску. Трэба сказаць, салдаты карысталіся беларускаю мовай, але яна была незразумелай сяржантам. З гэтым зьвязаны такі выпадак: мой сябра зрабіў надпісы на тумбачках па-беларуску: "Адказны за тумбачку такі-та". Дык пашыхтавалі частку і абвясьцілі яму пакараньне, бо не зразумелі, што "адказны" і "ответственный" - гэта адно і тое ж, а зразумелі так, што ён "отказывается" даглядаць за гэтай тумбачкай. Хаця нашая частка знаходзілася далёка ад родных мясьцінаў - на поўначы Расеі - але я атрымліваў там беларускую прэсу: выпісваў "Чырвоную зьмену", ды бацька ў якасьці падарунка выпісаў мне туды часопіс "Вожык". Знаходзілі паразуменьне з камандзірамі, нам нават дазвалялася 1 студзеня, у дзень утварэньня БССР (у 1919 годзе) вывешваць адпаведны - дзяржаўны на той час - сьцяг.

На маім месцы працы - у Энэргетычным інстытуце - у часы гарбачоўскай перабудовы ўдалося дамовіцца з кіраўніцтвам, каб мне дазволілі вывешваць газэту "Літаратура і мастацтва". Наша суполка Таварыства беларускай мовы зрабіла спэцыяльны стэнд. Газэту я купляў спачатку за ўласныя грошы, пасьля пайшла насустрач адмінітрацыя і нейкі час яе выпісвала, але потым вырашылі, што "ЛіМ" не зусім адпавядае пазыцыі ўладаў і прапанавалі замяніць яе на газэту "Звязда". Нашая ТБМаўская суполка не пагадзілася на такую замену, тым больш, што слова "Звязда" няма ў беларускай мове. А пазьней, пры паднаўленьні інтэр'еру зьнішчылі і наш стэнд, на што я выказаў рашучы пратэст і мне было абяцана стэнд аднавіць. Але сёньня ўжо такая стала гэтая газэта "Літаратура і мастацтва", што ня хочацца яе й вывешваць.

Размаўляю я па-беларуску толькі зь дзьвюма катэгорыямі людзей: са сваімі сябрамі, ці калі трапляю ў стан ворагаў беларушчыны. Што да апошніх, то непрыязнае стаўленьне да беларускай мовы мне даводзілася сустракаць даволі часта. Але няхай ведаюць, што мова нашая жыве нягледзячы ні на што.

Галіна, бухгальтарка

Я ня маю іншых сродкаў для падтрымкі і прапаганды беларускай мовы, як толькі размаўляць ёю ўсюды, дзе б я ні была: у тралейбусе, у трамваі, у доктара, на працы, калі выпадае. Часта заводжу гаворку пра нашу мову. У нашым выпадку, калі дзяржава беларускай мове, мякка кажучы, не спрыяе, то грамадзяне мусяць усьведамляць адказнасьць, якая кладзецца на іх, і ўсяляк падтрымліваць мову, найперш - паўсюдным карыстаньнем ёю. У тым доме, дзе я жыву, усе ўжо прывыклі да таго, што я размаўляю толькі па-беларуску. Часам, праўда, даводзіцца сустракаць непаразуменьне: "А чаму гэты вы гаворыце па-беларуску? Можа, вы настаўніца, ці бібліятэкарка, або сябра Народнага фронту"? На гэта я адказваю: "Проста я размаўляю роднаю мовай, а вось вы - чужы".

Сьвятлана, выкладчыца музыкі

На пачатку 90-ых гадоў я стала сябрам Таварыства беларускай мовы, каб актыўна дапамагаць адраджэньню і пашырэньню роднае мовы сваёй працай і грашыма. Але ня буду тут спыняцца на той сыстэмнай працы, якую выконвала ўвесь гэты час як сябра згаданай грамадзкай арганізацыі. Хацелася б заакцэнтаваць увагу на тых магчымасьцях, якія мае кожны з нас як прыватная асоба для абароны і разьвіцьця роднай мовы.

Першае, што можам мы, простыя людзі, зрабіць для нашай мовы - гэта размаўляць на ёй, карыстацца ёю паўсюдна, дзе гэта магчыма. Тым самым мы ратуем родную мову ад паміраньня, бо яна жыве ў нашых вуснах. Гэта важна яшчэ і таму, што тым самым мы разбураем створаны ў савецкія часы стэрэатып: беларуская мова вымірае, ужываецца хіба што як працоўны інструмэнт (дыктары, выкладчыкі, акторы), як мова мастацкай літаратуры ці фальклёру (нібыта пэўны перажытак), але ў жыцьці думаць і гаварыць "теперь можно уже только по-русски". Як часта мы гэта бачым: дыктар выключае мікрафон, актор ступае за кулісы, настаўнік зачыняе дзьверы аўдыторыі - і зь беларускай мовай на сёньня пакончана. А я заўсёды думаю і размаўляю па-беларуску, лёгка і натуральна, як дыхаю. Тым самым зьнішчаю навязаныя нам дурныя стэрэатыпы. І людзі чуюць, што наша мова паўнавартасная, як і любая іншая, яна годная да ўжытку, ніякая не "драўляная", можа гучаць свабодна і разьняволена, калі сагрэта жывым дыханьнем, надзелена ўсім багацьцем інтанацыяў, усёй разнастайнасьцю рытмаў і тэмпаў (на жаль, не заўсёды такой яе чуем "па тэлевізары", і прычыны тут зразумелыя).

На пачатку ж 90-ых я перайшла на выкладаньне свайго прадмета па-беларуску. Тады гэта шчасьліва супала: маё жаданьне ды гатоўнасьць - і патрэба незалежнай Беларусі ў нацыянальнай адукацыі, падтрымка дзяржавы. Наш каледж з таго часу мае статус беларускамоўнай навучальнай установы. На гэтым шляху трэба было вырашаць даволі вялікі спэктар праблемаў: давялося паўдзельнічаць у складаньні музычна-тэрміналягічнага слоўніка (выдадзенага ў БДПУ), рабіць шматлікія пераклады - ад розных праграм ды іншых дакумэнтаў і да тэкстаў дзіцячых песьняў, дапамагаць калегам, калі ў каго былі цяжкасьці зь беларускаю мовай. Выкладаючы па-беларуску, я ніколі не зьвярталася да навучэнцаў з пытаньнем пра мову навучаньня, паколькі лічу, што ў гэтай сытуацыі менавіта я, а не яны, вызначаю правілы, да таго ж яны павінны былі бачыць і разумець, што пытаньне гэтае прынцыповае.

У мяне былі, галоўным чынам, індывідуальныя заняткі граньня на музычным інструмэнце. Навучэнцы не заўсёды былі гатовыя адказваць мне па-беларуску, але ад мяне яны чулі толькі беларускую мову. І маглі пераканацца, што нашаю мовай можна выказаць усё без выключэньня (напрыклад, аналізаваць пабудову клясычнай санаты ці поліфанічнага твора ды іхны вобразны зьмест).

За ўсе гады працы я ня памятаю выпадку, каб хтось паскардзіўся на неразуменьне ці выказаў незадавальненьне адносна мовы выкладаньня. Што да мяне, то сама я ніколі ніякіх цяжкасьцяў ці нязручнасьці не адчула. Хутчэй наадварот. Мне было б цяпер цяжка і нязручна выкладаць па-расейску. Лічу, што звычайна перабольшваюцца праблемы са спэцыяльнай тэрміналёгіяй, калі кажуць пра выкладаньне па-беларуску. Найчасьцей спэцыяльных тэрмінаў у кожным прадмеце, якія маюць адпаведнікі ў нацыянальных мовах, ня гэтак шмат - можа, 1-2 старонкі ў слупок, і, каб засвоіць іх, спатрэбіцца найболей тыдзень часу (ну, няхай два, калі ў каго праблемы з памяцьцю). Іншая справа - культура мовы ды слоўнікавы запас, бо тут настаўнік абавязаны паказваць узорны ўзровень. А гэта немагчыма без пастаяннага ўдасканаленьня, без таго, каб заўсёды гаварыць, чытаць і пісаць па-беларуску, пастаянна мець справу са слоўнікамі, падручнікамі, дапаможнікамі, лепшымі ўзорамі прыгожага пісьменства і да т.п. Мне гэта ўсё заўжды дастаўляла толькі радасьць і задавальненьне. Тым больш цяжка і балюча бачыць сёньня на працы гэты русіфікацыйны адкат, развал і зьнішчэньне ўжо зробленага, гэтую цяперашнюю дэмаралізацыю, безыдэйнасьць, безаблічнасьць, абыякавасьць. Балюча ўсьведамляць, што твой патэнцыял так і застаўся ў значнай ступені нявыкарыстаны, а сілы і намаганьні змарнаваныя.

Чым яшчэ можа дапамагчы роднай мове кожны, хто сам ёю валодае і адчувае сваю за яе адказнасьць?

Лічу, што адзін з нашых галоўных абавязкаў - перадаць свае адносіны і сваё разуменьне іншаму. Тут адкрываецца шырокае поле дзейнасьці, і ня толькі для настаўніка роднай мовы, артыста ці пісьменьніка, але і для кожнага з нас. Сярод нас багата людзей, гатовых пачуць, тых, каму не хапае якраз нашага слова, нашай перакананасьці, вопыту, дапамогі. Важна ўбачыць такога чалавека, не прайсьці ўзбоч. Часам гэта хтось з нашых блізкіх, сяброў, калегаў і г.д. Бывае, што дастаткова даць першы штуршок, каб чалавек пачаў свой рух да роднай мовы, далей ён будзе рухацца сам. А ўжо пасьля і ён можа стацца пачынальнікам яшчэ нечага руху, перадасьць гэтую эстафету. Асабіста я маю ўжо такі вопыт, і цяпер, здараецца, бачу вынікі свайго ўзьдзеяньня дзесьці вельмі далёка ад тых шляхоў, па якіх перамяшчаюся сама. Гэта такі працэс паступовага абуджэньня. І тэарэтычна, ён павінен адбывацца па законе геамэтрычнай прагрэсіі.

На завяршэньне хачу сказаць, што для кожнага патрыёта дапамога роднай мове - гэта творчасьць, і тут патрэбен пошук новых шляхоў і магчымасьцяў, вынаходніцтва новых мэтадаў, патрэбна воля, актыўнасьць, сьмеласьць, фантазія, аптымізм. Будзем дзейнічаць, і наша мова - жыцьме!

Зьміцер, эканаміст

Сваю падтрымку беларускае мовы сьцісла фармулюю гэтак:

- шаную беларускую мову і патрабую належных адносінаў ад навакольных;

- набываю беларускае (кнігі, часопісы, газэты, кампакты, візіяфільмы);

- чытаю беларускае;

- слухаю і гляджу беларускае;

- наведваю беларускае (канцэрты, прэзэнтацыі кніг, сустрэчы з творцамі);

- раю іншым і дару лепшае беларускае, дзялюся тым беларускім, што маю сам;

- кантактую, пішу па-беларуску;

- падтрымліваю і заахвочваю любыя праяўленьні зацікаўленасьці беларускай мовай с боку іншых;

- імкнуся падаваць узор вуснай і пісьмовай беларускай мовы, дзеля гэтага пастаянна дасканалю сваё валоданьне ёю;

- спрыяю творчасьці і навуковай працы іншых па-беларуску (добрым водгукам, ідэяй, альбо нават пэўнай дапамогай у стварэньні належных тэхнічных умоваў).

Вядома, пададзенае вышэй ня мае нічога агульнага з ізаляцыянізмам, ня мае аніякага адмоўнага ўплыву на маё стаўленьне да іншых моваў, валоданьне імі.

У выніку, беларускамоўнае асяродзьдзе для мяне не праблема. Я яго сабе ствараю сам. Мая сям'я - беларускамоўная. Маю добрых сяброў, для якіх сакавітае беларускае слова - як паветра, як вада.
Падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце кантрольныя, курсавыя, дыплёмную работы я пісаў па-беларуску. Старшыня камісіі па выпускных унівэрсытэцкіх іспытах - уплывовы ў эканамічных колах чалавек - з павагай і (як належыць) па-беларуску прымаў маю абарону дыплёмнай работы - на выдатна!

Маю багатую бібліятэку беларусікі, ці не на дзьве тысячы грунтоўных, вартасных і рарытэтных выданьняў, сярод якіх беларускія календары пачатку дваццатага стагодзьдзя (у тым ліку - "Нашай Нівы"), кнігі з аўтографамі выбітных беларускіх пісьменьнікаў, мастакоў, дасьледчыкаў, гісторыкаў, кампазытараў, факсымільныя і тэматычна беларускія выданьні на розных мовах сьвету з самай шырокай геаграфіяй.

Сабраная мною фанатэка налічвае за дзьве сотні кампактаў, касэтаў, кружэлак зь беларускімі песьнямі і музыкай, выдаванымі ў Беларусі, Польшчы, Нямеччыне, Расеі, Амэрыцы, Італіі. Сярод запісаў ёсьць і песьні ў выкананьні Ўладзіміра Караткевіча...

Падобны пералік можа скласьці кожны, для каго беларускамоўнасьць - гэта ня проста "вонкавая шыльда", але дарагая, неадрыўная частачка кожнай хвіліны ўласнага жыцьця - адзінага і непаўторнага на гэтай зямлі.

Але хачу асабліва зьвярнуць увагу на наступнае.

У нашай сытуацыі ад пасьлядоўна беларускамоўных людзей час патрабуе быць больш актыўнымі. Да прыкладу, я імкнуся быць ня проста спажыўцом нейкай інфармацыі на беларускай мове, але таксама выказваць да яе сваё стаўленьне. Не саромецца напісаць ліст у тое, ці іншае выданьне, уступіць у палеміку з масьцітым, здавалася б, аўтарам - не саромецца проста выказаць сваё меркаваньне! І я пераконваюся, што вельмі многім аўтарам у беларускамоўных выданьнях бракуе зваротнай сувязі з чытачамі. Таму вельмі важна выказваць сваё меркаваньне, і нават, калі яно крытычнае - даводзіць да ведама зацікаўленых. У спрэчцы, як вядома, нараджаецца ісьціна.

Ёсьць яшчэ адна добрая прымаўка, якую мусім памятаць у адстойваньні сваіх правоў на карыстаньне беларускаю мовай ад чыноўніцкіх кабінэтаў да інструкцыяў, адрасаваных спажыўцу: хто ня грукаецца, таму не адчыняюць. Хто не варушыцца, той не адчувае плыні жыцьця. Каб мы, беларускамоўныя грамадзяне, адчувалі плынь жыцьця і ўплывалі на яе накірунак - мусім быць больш актыўнымі, настойлівымі, самавітымі.

Генадзь, бізнэсовец

Я кірую гандлёвай структурай, празь якую штодня праходзяць тысячы чалавек. Усё візуальнае (шыльды, інфармацыя для наведнікаў, абвесткі) і гукавое (радыёпаведамленьні, віншаваньні кліентаў да сьвятаў) афармленьне ад пачатку і да канца мы прынцыпова зрабілі па-беларуску. І паверце, што пакупнікамі гэта ўспрымаецца вельмі прыхільна.

Тэмы дыскусіяў

1. Што дае мне Беларуская Мова?

2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?