mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

Андрэй, навучэнец сярэдняй школы, 10 кляса

Я толькі паўгады таму перайшоў на беларускую мову і мушу сказаць: ніколі ня думаў, што будуць такія станоўчыя рэакцыі на маю мову. Думаў, што будуць па старой пасьлякаляніяльнай звычцы казаць штось накшталт: "Колхозьнік". А тут усё наадварот: мне на кірмашах зьніжаюць кошты за тавары, падвозяць дадому, у кавярнях даюць нейкія фірмовыя зьніжкі, кудысь запрашаюць і г.д. Але вось што хацеў бы зазначыць. Прыемна, канечне, калі дзякуюць, выказваюць захапленьне: "Ах, як Вы прыгожа гаворыце па-беларуску!", "Я такой добрай мовы ніколі ня чула!", "Я таксама люблю беларускую мову"... Але пасьля прыйшла нейкая крыўда: ну, калі ўжо ўсе так любяць родную мову, калі так прыгожа гэта і так цудоўна, дык чаму б нам усім не перайсьці на беларускую мову? Нешта людзям перашкаджае, нечага нібыта чакаюць, нейкага штуршка, ці што... Некаторыя, як, напрыклад, дзяўчынкі ў нашым двары, дзівяцца: як гэта можна размаўляць па-беларуску, як можна ўвогуле перайсьці на беларускую мову? Пытаюцца, дзе й колькі я для гэтага навучаўся?

Яшчэ хачу адзначыць, што беларуская мова дапамагае мне завязаць знаёмствы. Бывае, цяжка знайсьці з чалавекам пункты сутыкненьня. А калі па-беларуску размаўляеш, то гэта часта дае зачэпку для кантакту. Расейскамоўны часьцей запытаецца: "Чаму ты гаворыш па-беларуску?" Калі мне цікавы гэты чалавек, я стараюся адказаць неяк неадназначна. Тады за гэтым пытаньнем зьяўляюцца іншыя, размова працягваецца і можна ўсталяваць з гэтым чалавекам прыязныя адносіны, нават, стаць сябрам. І ў гэтым дапамагае беларуская мова!

Сьвятлана, выкладчыца музыкі

Маё жыцьцё, можна казаць, праходзіць у беларускамоўным асяродзьдзі. З усімі сваімі блізкімі, з усімі без выключэньня сябрамі і знаёмымі я размаўляю толькі па-беларуску. Гэта дае мне адчуваньне душэўнага камфорту, адэкватнасьці, нармальнасьці. Беларуская мова для нас - гэта ня проста мова зносінаў, але й мова асабліва глыбокага паразуменьня, паяднаньня, салідарнасьці, узаемнай сымпатыі ды любові. У сваім асяродзьдзі я адчуваю сябе сапраўднай беларускай у сваёй Беларусі ды сярод сваіх суайчыньнікаў. Вядома, чалавек любой краіны павінен гэтак жа пачувацца ўдома. Але ў Беларусі я адчуваю сябе так толькі ў беларускамоўным асяродку. На жаль, такія асяродкі ў нас - толькі выспачкі ў мяшанкарускамоўным акіяне, празь які мусіш перабірацца, які мусіш перасякаць. І вось тут сутыкаешся з рознымі людзьмі й рознымі адносінамі да беларускай мовы.

Найчасьцей гэтыя адносіны бываюць прыхільнымі. Людзі радыя чуць родную беларускую мову, імкнуцца адказаць табе па-беларуску. Часам, бачыш, што чалавек валодае мовай і радуецца выпадку пагаварыць, але ў сваім асяродзьдзі ёю не карыстаецца - з-за неразуменьня з боку іншых (на працы, прыкладам), ці з-за нежаданьня "вытыркацца". Беларуская мова для яго гучыць як пароль, і ён адгукаецца: маўляў, я - свой, я таксама беларус, я таксама патрыёт. Такія сустрэчы заўжды прыемныя, часам служаць пачаткам нейкіх далейшых кантактаў, знаёмства, сяброўства. Бывае, і людзі, адвучаныя ад роднай мовы, усё ж хочуць сказаць штось па-беларуску, пачуўшы ад вас беларускае слова. Штось адгукаецца ў іхнай душы, растае гэты лёд, які там нарос. Яны дзякуюць вам за беларускую мову, стараюцца сказаць добрае слова. Часам і з такімі людзьмі завязваецца размова, і гэта магчымасьць заклікаць іх таксама вяртацца да сваёй мовы, штось ім параіць, падказаць (дзе ёсьць якія курсы ці беларускамоўныя асяродкі). Нават, калі сёньня яны яшчэ не гатовыя карыстацца такімі парадамі, гэта можа паслужыць нейкім першым штуршком, і ў далейшым усё ж адыграе сваю ролю.

Бывае й абыякавая рэакцыя на тваю беларускую мову. Чалавек не выказвае ніякіх адносінаў, часам толькі штось перапытае. Гэта значыць, што людзі прывыкаюць да мовы, як бы самі да яе ня ставіліся. І гэта добра, няхай чуюць як найчасьцей і прывыкаюць далей. Беларуская мова прысутнічае ў нашай беларускай прасторы і гэта нармальна.

Нярэдка, аднак, даводзіцца сутыкацца з рэакцыяй непаразуменьня на беларускую мову. Жывучы ў краіне абсурду, чалавек прызвычайваецца да гэтага паўсюднага абсурду і таму "ня можа зразумець": "А почему эта вы говоріте по-беларускі?" У нашым перакуленым сьвеце зьдзіўленьне выклікае хтосьці, хто ня ходзіць дагары нагамі. Вось пра гэта я такім людзям і кажу: "Перавярніцеся з галавы на ногі! Здыміце з вачэй шоры! У Беларусі нармальна і трэба гаварыць па-беларуску! Гэта ў вас трэба запытацца, на якой мове размаўляеце вы! І чаму? Вось пра што варта падумаць!"

Нарэшце, надараюцца выпадкі, калі беларуская мова выклікае адмоўную, а часам нават агрэсіўную рэакцыю. Найчасьцей такое здараецца ў выніку нечай нявыхаванасьці ды неадукаванасьці, чалавечай няразьвітасьці (і гэта трэба ўсьведамляць, каб іранічна ўспрымаць нейкія абразьлівыя выказваньні), але бывае, што ў такіх паводзінах прысутнічае пэўны садысцкі разьлік. Трэба разумець, што ліхім чалавекам, які хоча нанесьці балючы ўдар, рухае ўпэўненасьць у сваёй беспакаранасьці. Таму варта мець на ўвазе, што ёсьць закон, які прадугледжвае адказнасьць за абразу нацыянальнай годнасьці. Але гэта на скрайні выпадак, на кожны ж дзень варта мець у запасе моцны аргумэнт, вострую ляканічную фармулёўку, якая дзейнічала б бездакорна ды ставіла нахабніка на месца. Асабліва важна ўмець даць спакойны, годны і пераканальны адказ такому чалавеку ў прысутнасьці іншых, гэта будзе мець добры эфэкт.

Сяргей, псыхоляг

Хто не адгукаецца ветла на маю беларускую гаворку, часьцей за ўсё дрэнна ведае родную мову, ці для яго мая мова чужая.

Ня кожны беларус хоча дэманстраваць, што неўпрыкмет згубіў сваю галоўную адметнасьць - мову (а зь ёю - і карані), што ў ягонай галаве не свая гісторыя, а мітычны Іван Сусанін, які завёў ліцьвінаў у густы лес, і Мікалай II, раней "Крывавы", а цяпер "сьвяты". І цяжка гэтаму беларусу, бо дзесьці ў падсьвядомасьці ён адчувае, што яго, як нашых продкаў, завялі кудысьці не туды, бо тут крывавыя каты робяцца сьвятымі. І пачынае ён усьведамляць, што "колькі б ня піў, рускага зь яго не атрымаецца".

Я не дакараю, а шкадую таго, хто згубіў родную мову. Дакоры падзяляюць, адштурхоўваюць людзей адно ад аднога. Я ж падахвочваю і радуюся з "бліжнім", калі зь ягоных вуснаў прагучыць роднае слоўка.

Марна прасіць расейскага шавініста (няхай нават ён зьўляецца жыхаром нашай краіны), паважаць беларускую мову, вучыць яе, карыстацца ёю. Для расейскага шавініста беларуская мова - нікчэмнасьць. Бо ён ведае: за расейскай мовай сёньня ў Беларусі падтрымка прэзыдэнта, дзяржаўных СМІ, уся сіла і моц улады.

Але сама ўлада - усё-ткі беларуская па азначэньні - павінна заўсёды адчуваць маю беларускую прысутнасьць, павінна зь ёю лічыцца. Беларуская ўлада мусіць чуць Беларускае Слова. І каб яно было пачутае: я дзейнічаю і руплюся, я працую, ды й проста жыву - з роднай беларускай мовай на вуснах. А мая зямелька дае мне моцы.

Я супраць барацьбы на прымус, у бойцы ці сварцы. Там ліюцца кроў ці соплі, узьнікаюць абразы і раны, няма магчымасьці для паразуменьня і развагаў, няма магчымасьці зьмены адносінаў да суайчыньніка. Да мяне і да яго.

Сьвятлана, энэргетык

Магу распавесьці некалькі гісторыяў, зьвязаных з карыстаньнем беларускай моваю.

Аднойчы, едучы ў тралейбусе, я назірала даволі тыповую для нашага часу сцэнку: на пярэднім крэсьле сядзяць два падлеткі, а побач стаіць бабулька з кіёчкам. Я зьвярнулася да хлопцаў з заўвагай, каб саступілі бабульцы месца. Але паколькі я гаварыла па-беларуску, яны пэўны час рабілі выгляд, што не разумеюць. Тады я гучна кажу: "Яны, напэўна, глухія". Гэта ўжо яны зразумелі ды адказалі - матам. Я кажу: "Ага, аказаваецца, яны ўсё чуюць і разумеюць! Дык вось ён, гэты вялікі, магутны рускі ... мат! А вось у нашай беларускай мове мату няма! І не было ніколі такога паскудзтва, яно для нас - чужое!" Увесь аўтобус моўчкі слухаў, ніхто ў размову ня ўмешваўся. Маладзёны ўсё ж пацясьніліся і вызвалілі месца для бабулькі.

Іншым разам у кампаніі маіх знаёмых ішла гаворка пра замежныя вандроўкі. Адна зь іх расказвала, як езьдзіла па турыстычнай пуцёўцы ў Чарнагорыю. У групе былі жанчыны з Расеі. Размаўляўшы там па-расейску, яны сутыкнуліся з неразуменьнем з боку мясцовага насельніцтва. Я слухала ды й кажу: "У расейцаў там сапраўды маглі быць праблемы з паразуменьнем, а вось нашым беларусам варта было паспрабаваць пагаварыць зь мясцовымі людзьмі па-беларуску!". А яна мне на тое: "Дык жа мы так і зрабілі! І сапраўды, дапамагло! Здолелі паразумецца з чарнагорцамі!" Я кажу: "Дык ня дзіва! Беларуская мова - гэта эўрапейская мова, яе зразумеюць і ў Польшчы, і ў Славаччыне, і ў Чэхіі!" Расейскамоўныя жанчыны, якія прысутнічалі пры гэтай размове, былі, відавочна, зьдзіўленыя такім вызначэньнем беларускай мовы (яны былі прывучаныя да таго, што беларуская мова "калхозная", "адсталая" і г.д., а тут - эўрапейская, у цывілізаваным сьвеце - зразумелая), і кажуць разгублена: "А мы зусім яе ня ведаем, нават не чытаем нічога па-беларуску!" Тут, відаць, яны ўпершыню падумалі, што беларускую мову варта ведаць, і я дапамагла ім гэта зразумець.

Неаднаразова здаралася мне сутыкацца і з станоўчай, і з адмоўнай рэакцыяй на беларускую мову.

Аднойчы ехала я ў транспарце з жанчынай, што мае вясковыя карані, а жыве ў Менску ў Чыжоўцы. Разгаманіліся - яна, як і большасьць - на трасянцы, а я - па-беларуску. Яна і пытаецца ў мяне: "Адкуль у Вас такая беларуская мова? Вы так прыгожа гаворыце!" "Як адкуль? - адказваю, - Я ж беларуска!" "Ну і што, - кажа яна, - У нас тут амаль усе беларусы, але такой мовы рэдка пачуеш, усе па-расейску стараюцца..." "Дык хіба нармальна гэта? Мы ўсе павінны гаварыць сваёю моваю, а не чужой". - адказала я. І так той жанчыне было цікава мяне слухаць, так хацелася паразмаўляць яшчэ, але я, на жаль, сьпяшалася, і давялося разьвітацца.

Іншым разам мы ехалі з царквы ў тралейбусе цэлым гуртом і ўсю дарогу размаўлялі між сабою па-беларуску. То потым да нас пачалі падыходзіць людзі ды пытацца, хто мы і адкуль, што так цудоўна - усе! - размаўляем на нашай мове. А некаторыя і дзякавалі нам - за мову.

Але бывала й іначай. Аднойчы нейкі чалавек выказаўся ў адносінах да беларускай мовы абразьліва ды агрэсіўна. Тады я запыталася ў яго, а хто ж ён па-нацыянальнасьці: рускі? беларус? Ён крыху сумеўся, бо не чакаў такога пытаньня, а я і кажу: "Дык вось, калі вы расеец, дык вы - шавініст, а калі беларус - то проста здраднік!" Лічу, што такіх людзей варта абсякаць і ставіць на месца, каб яны адчувалі: праўда - за намі.

Базыль, аўтагрузчык

Я лічу, што той, хто злосна кпіць зь беларускае мовы, павінен добра адказваць за свае словы. Для мяне ня мае дачыненьня, хто "аўтар" бязглуздых кпінаў - ці то расеец, ці беларус, перафарбаваны "а-ля-рюс". Яны жывуць на беларускай зямлі, ядуць беларускі хлеб.

Як возьмеш перафарбаванца - даруйце - за шкірку, дык адразу ён залямантуе, згадае, што ён валожынскі хлопец, загаворыць на чысьцюткай мясцовай трасянцы. У такой сытуацыі нават адзін масквіч не разгубіўся і ўсклікнуў да мяне: "Калі ласка, сябар, дзякуй!"

Часта я пытаюся ў перараджэнцаў: "Ты адкуль да нас зьявіўся? У цябе акцэнт, як у башкіра!" Ой ня любяць гэтыя "рускія", калі іх прымаюць за башкіраў ці удмуртаў, а не за "старэйшага брата". Адразу ўспамінаюць, што яны ці з Быхава, ці з Смургоняў...

Няма што зь ненавісьнікамі цюцькацца!

Людміла, мэнэджэрка выставаў

Карыстаючыся роднай мовай, я адчуваю сябе ўпэўнена і лічу, што гэта самае галоўнае, бо калі нават сустракаеш нэгатыў у адказ, то вось гэтая ўпэўненасьць спыняе "ненавісьнікаў" беларускай мовы, не дае ім разгарнуцца са сваім нэгатывам.

На працы я ўсё ж мушу карыстацца і расейскай мовай таксама, да гэтага мяне змушаюць абставіны - я павінна кантактаваць з самымі рознымі людзьмі, і дзеля дасягненьня станоўчага выніку трэба, каб людзі дакладна мяне разумелі, каб на прафэсіныя адносіны не накладалася чыясьці нэгатыўная рэакцыя па моўнай прыкмеце. Калі ж я бачу, што чалавек мову ведае, то тады, натуральна, карыстаюся беларускай. Гэтак сама і ў штодзённым жыцьці. Нават дома з сынам бывае ня так проста, бо ўвесь ягоны час праходзіць у расейскамоўным асяродку, і часам я бачу, што сказанае па-беларуску да яго нібы не даходзіць, хаця збольшага мову ён ведае, можа на ёй падтрымаць размову (калі захоча, вядома).

Не магу ўсё ж сказаць, што я часта сутыкаюся з нэгатыўным стаўленьнем да беларускай мовы. На працы ўсе ўжо прывыклі ды ніхто са мной не спрачаецца, ніякіх штучных "пытаньняў" на гэтай глебе не ўзьнікае. Я вывешваю шыльды па-беларуску, раблю на роднай мове квіткі, каталёгі, дыплёмы, рэкляму ў мэтро ды на тэлевізіі - яны ўжо самі гэта робяць для мяне па-беларуску, нават нагадваць ня трэба. Ды і што тут можна запярэчыць: беларуская мова ў нас усё ж дзяржаўная, да таго ж, у нашых выставах удзельнічаюць таксама і замежнікі, і тут ужо справа гонару, каб на выставе прысутнічала і нацыянальная мова. І ўсё ж гэта толькі дзякуючы маёй пазыцыі адбываецца і толькі на маіх выставах - як выключэньне. Больш нікога гэта ня рупіць, усе астатнія выставы звыкла праходзяць выключна па-расейску.

Каб папярэдзіць нэгатыўнае стаўленьне да свайго беларускамоўя, даводзіцца выпрацоўваць пэўную схему паводзінаў, якая ставіць людзей на месца. Выратоўвае ўпэўненасьць, магчыма нават некаторае ўменьне паглядзець нібы звысоку - маўляў, ну што ты мне там кажаш, што яшчэ табе не падабаецца? Нібы крышку прыўзьняцца. І ведаеце, гэта спрацоўвае. "Ненавісьнікі" беларускай мовы прызвычаіліся браць верх сваім нахабствам і беспардоннасьцю, чакаюць, што на іхную лаянку па звычцы з часоў сталіншчыны беларус адразу сарамліва сьцішыцца, нібы скамечыцца, адыдзе ўбок, і ўсё будзе па іхняму.

Часта мы тут маем справу з праявамі ваяўнічага невуцтва. Ды толькі са мной гэта не праходзіць. Аднойчы адна мая супрацоўніца, пабачыўшы беларускамоўнае афармленьне выставы, запыталася з выклікам: "А ці не шавінізм гэта"? Я адказала, што, відаць, яе дрэнна вучылі ў школе, але трэба цьвёрда ведаць, што шавінізм - гэта нянавісьць да ўсяго чужога, а любоў да свайго - гэта патрыятызм. "Вось і разьбірайцеся, хто тут патрыёт, а хто шавініст".

З іншага боку мне здаралася сустракаць і вельмі станоўчую рэакцыю на маю беларускамоўнасьць. Неяк у паліклініцы, чакаючы сваёй чаргі, я размаўляла з суседкай па-беларуску, а трэцяя жанчына прыслухоўвалася да размовы, глядзела на мяне нібыта са зьдзіўленьнем, а тады падыйшла, каб сказаць, што яе вельмі ўразіла мая беларуская мова: "У вас так цудоўна атрымліваецца! Вось, аказваецца, як прыгожа можна размаўляць па-беларуску! Вы гаварыце, гаварыце заўсёды! У Вас нейкая асаблівая мова, мяккая, натуральная, зусім ня тое, што часам даводзіцца чуць"! З гэтага можна зрабіць выснову, што прыгожая, правільная мова выклікае станоўчую рэакцыю, таму нашым адраджэнцам варта працаваць над сваёй мовай, каб ствараць яе прывабны вобраз. Гэта наш грамадзянскі абавязак!

Праўда, бывалі ў маім жыцьці і іншыя выпадкі, зьвязаныя зь беларускай мовай. На пачатку 1990-ых, калі я толькі пачала ў штодзённым жыцьці размаўляць па-беларуску, адбыліся ў мяне непаразуменьні з дзьвюма маімі суседкамі. Адна зь іх выказалася ў размове са мной, што, маўляў, "наелася гэтай беларускай мовы", "ня трэба яна ні мне, ні майму сыну", другая, прыехаўшы з Расіі і ня ведаючы аніводнага беларускага слова, з выклікам заяўляла (на маю заўвагу, што ня шкодзіла б хаця б збольшага ведаць мову той зямлі, на якой жывеш), што "і не собірается учіть этот беларускій язык". Я зь імі шмат не спрачалася, проста "зачыніла перад імі дзьверы сваёй кватэры". Гэта, вядома, іх зьдзівіла, але, несумненна, дапамагло штосьці зразумець. Такія рэчы трываць нельга, бо тут мусіць існаваць нейкая маральная забарона, нейкія рамкі чалавечай прыстойнасьці.

Барыс, энэргетык

Незайдроснае становішча беларусаў - "Паміж Расеяй вечна ў латках і Эўрапэйскім абцасам" - прышчапіла ў шматлікіх грамадзянаў паблажлівыя ці, нават, пагардлівыя адносіны да беларускай мовы.

Вось адзін прыклад. У менскім "Рускім тэатры" ідзе п'еса па "Раскіданым гнязьдзе" Янкі Купалы. У фае падчас антракту працуе беларускае тэлебачаньне. Да нас з жонкай па-расейску зьвяртаецца тэлежурналіст: "Вас не удівляет, что в Русском театре спектакль ідёт на беларуском языке"? Я адказаў, што ўдзячны тэатру за гэта і дадаў словы Рыгора Барадуліна:

"Мы шмат наеліся эрзацаў
І наслужыліся панам.
На роднай мове агрызацца
Адно, што засталося нам".

Мой знаёмы, сутыкнуўшыся з пагардлівым стаўленьнем да нашай мовы выкарыстоўвае іншы верш таго ж Паэта:

"Беларуская мова ад Бога.
Слову нашаму Бог дапамог.
Хто ня любіць яе, ад тога
Назаўсёды адвернецца Бог".

Змагацца з бязлузда-варожым стаўленьнем да мовы лепш грамадой. Чым больш будзе людзей заўсёды размаўляць па-беларуску, тым хутчэй нядобразычліўцы змоўкнуць.

Альгердас, бізнэсовец зь Лятувы

Мы лічым сваю летувіскую мову поўнавартаснай. Мы ганарымся ёю. Я аднолькава добра валодаю роднымі мовамі сваіх бацькі і маці. Маю стасункі зь беларусамі Лятувы і Менску, куды езджу па сваіх справах.

Аднойчы ў сталіцы Беларусі на транспартным прыпынку я размаўляў з знаёмым менчуком. Разьвітаўшыся, зайшоў у тралейбус. Разам з мною зайшла нейкая жанчына, з выгляду пэнсыянэрка, і пачала з добрым мясцовым акцэнтам зьнеслаўляць мяне за карыстаньне беларускай моваю. Казала, што ёй бы "сорамна было размаўляць на гэтай мове, бо ёю ў гады вайны размаўлялі паліцаі, мова грубая, дурная"... і яшчэ казала нешта. Ня першы раз у Менску я чуў гэткія словы. Не падабаюцца мне носьбіты гэткіх думак, сапраўдныя манкурты без пачуцьця нацыянальнай годнасьці.

Я вельмі раззлаваўся і перарваў яе: "Мяне беларуская мова ня пляміць. Я лятувіс і паважаю беларусаў. Ня ў мове прычына! Ня мова вінаватая, а вы - бо здрадзілі ёй і сваім продкам. Вам здаецца, што ня будзе мовы і віна здрады ня будзе пячы вам душу? Памыляецеся! Вам трэба скупіць сваю віну і гэтак пазбавіцца яе. Дык ці здольныя вы, калі запляміліся здрадай, адмыцца"?

Жанчына маўчала. Я ўжо пачаў адварочвацца ад яе, каб выйсьці на наступным прыпынку, калі яна ціха па-беларуску прашаптала: "Няма мне шчасьця!" - і заплакала.

Ганна, майстар-цырульнік

Мне 21 год. Некалькі год таму я заняла другое месца на конкурсе "Менская прыгажуня". Я шукаю сабе шчырага беларускага хлопца, бо хачу чуць словы каханьня па-беларуску і казаць словы каханьня на роднай мове, мець дачку-беларусачку і хлопчыка-беларуса. Калі да мяне хлопцы зьвяртаюцца па-расейску, я адказваю ім на сваёй роднай мове і яны разумеюць, што я ня дзеля іх. Я пэўная, што і застаўшыся сабою знайду свайго суджанага і буду шчасьлівая.

Тэмы дыскусіяў

1. Што дае мне Беларуская Мова?

2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?