mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?

Сьвятлана, выкладчыца музыкі

Аднойчы мне давялося назіраць такую сцэнку: у прадуктовую крамку на закупы зайшоў адзін вядомы літаратар і зьвярнуўся да прадавачкі па-беларуску. Тая шчыра намагалася зразумець, што жадае набыць гэты інтэлігентны, імпазантны чалавек, але ёй тое не зусім удавалася, прынамсі з першага разу. Пакупніку даводзілася ці ня кожнае слова паўтараць па некалькі разоў, яшчэ і рукой паказваць: "Селядзец! Селядзец!" Я тады яшчэ падумала: вось як беларуская мова "стварае" нам праблемы на пустым месцы - у нашым, так бы мовіць, "ацечастве". Калі ж расказала пра гэтыя свае назіраньні адной знаёмай (дарэчы, беларускамоўнай і выдатнай знаўцы беларускай мовы), то яна мне на тое адказала: "Што да мяне, то беларуская мова - гэта мова маёй душы, а ў крамах, я лічу, не абавязкова ёю карыстацца". Пазыцыя зразумелая, пра тое і ў Эвангельлі сказана: "Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас".

Думаю, сёньня кожны беларускамоўны чалавек у грамадзкіх месцах пастаянна мусіць рабіць гэты выбар: гаварыць ці не гаварыць па-беларуску? І тут можна было б прааналізаваць найбольш агульныя "за" і "супраць" публічнага ўжываньня беларускай мовы.

"ЗА":

- натуральная патрэба гаварыць на сваёй роднай мове, якою думаеш, чытаеш і пішаш;

- здаровы сэнс, натуральны стан - карыстацца сваёй мовай у сваёй краіне;

- любоў да роднай мовы, жаданьне, задавальненьне, прыемнасьць гаварыць ёю;

- грамадзянскі абавязак - рабіць родную мову чутнай, прысутнай ў грамадзтве;

- эстэтычнае пачуцьцё, густ, якія не дазваляюць замест сапраўднай мовы гэтай зямлі выкарыстоўваць псэўдарасейшчыну, саўковы сурагат.

А вось матывы, якія прымушаюць часам высьцерагацца ўжываньня роднай беларускай мовы ў побыце ці то ў публічных месцах:

- нежаданьне зьвяртаць на сябе залішнюю ўвагу (адчуваную часам, як навязьлівая і несвоечасовая);

- нежаданьне ўскладняць пэўныя простыя сытуацыі;

- рызыка выклікаць адмоўнае стаўленьне да сябе, боязь абразы;

- рызыка непаразуменьня;

- рызыка нашкодзіць сабе ў пэўных адказных сытуацыях - да прыкладу, у зносінах з начальствам, бо, на жаль, такая наша сёньняшняя рэчаіснасьць;

- нежаданьне ператвараць "мову душы" ў сродак камунікаваньня зь людзьмі, якія вас не разумеюць ("ня кідайце пэрлаў вашых ...").

Вось і атрымліваецца, што пры ўсіх "ЗА" часам перашкаджаюць усе гэтыя "супраць" і ставяць нас у сытуацыю выбару: размаўляць ці не размаўляць? (у нашай беларускай рэчаіснасьці гэта ўжо ледзь не славутае "быць ці ня быць?").

Што да мяне асабіста, то ўсьведамляю, што ня ўсе гэтыя матывы "супраць" маюць для мяне значэньне і зьяўляюцца перашкодай, але прынамсі некаторыя - замінаюць.

І ўсё ж, калі б хоць дзесяць адсоткаў гарадзкога насельніцтва размаўляла паўсюдна па-беларуску, то адчуваньне было б прынцыпова іншае, карыстацца сваёю мовай было б значна лягчэй. Гэта, без перабольшаньня, зьняло б праблему. Беларуская мова на вуліцах стала б прывычнай, цалкам натуральнай зьявай. Гэтак і значна лепей магло б быць ужо даўно, калі б ня згубная палітыка русіфікатарскіх уладаў. І ўсё ж, думаю, сёньня ня меней за дзесяць адсоткаў беларусаў маглі б размаўляць па-беларуску ў грамадзкіх месцах ("выйсьці з падпольля") і абазначыць такім чынам, адчувальную прысутнасьць беларускай мовы ў грамадзтве. Тут утварылася нейкае зачараванае кола, і яно мусіць быць разамкнёнае.

Сяргей, псыхоляг

Нямала беларусаў пад узьдзеяньнем шматгадовай прапаганды атаясамлівае карыстаньне роднай мовай з нацыяналізмам. А нацыяналізм (любоў да нацыі) - нібыта вельмі кепска, бо ў савецкай мінуўшчыне замінаў "зьліцьцю ў адзіную савецкую нацыю", а цяпер замінае зьліцьцю ў "праваслаўна-славянскую нацыю".

Шматгадовае неспрыяльнае, с часам і папросту адмоўнае, стаўленьне ўлады (зь ейным звышмоцным прапагандовым апаратам) да роднай мовы беларусаў прывяло да скажэньня нацыянальнай сьвядомасьці (бяз мовы нацыянальнай сьвядомасьці якраз няма!) у шмат каго, хто мае беларускіх продкаў. Як псыхоляг, лічу, што горш за гэтае скажэньне можа быць толькі страта ўсьведамленьня свайго полу.

Але дзесьці ў падсьвядомасьці "былых беларусаў" (цяпер расіян?) вырушыцца беларускасьць, бо нават дзесяць пакаленьняў ня зьменяць генэтычную памяць. Яна ў гэтых "расіян" беларуская і абумоўлівае сутыкненьне розных сьвядомасьці і падсьвядомасьці, што выклікае пачуцьцё дыскамфорту, напружанасьці.

Калі я пачынаю размаўляць на роднай мове з такім "расейцам", зкамуляваная напружанасьць узбуджае ў ім "беларуса", падсьвядома нагадвае яму пра здраду продкам. У выніку, гэта выклікае абарончую агрэсію.

Таму лічу, што з такімі выраканцамі ня варта настойліва размаўляць на ўжо няроднай ім мове, бо яны між волі агрэсыўна будуць даводзіць (і болей сабе, а не мне), што ён "ня здрайца, што ён, зьмяніўшы мову, зрабіў "как нада", а вось я ...і ёлуп і ўвогуле беларускай мовы не існуе" і г.д.

На практыцы гэта азначае: калі такі чалавек зьвяртаецца да мяне па псыхалягічную дапамогу, прафэсыйная этыка змушае мяне кансультаваць на пакуль паноўнай у Беларусі расейскай мове, каб не кранаць, не разьвярэджваць прыхаваную, неасэнсаваную "моўную недастатковасьць" пацыента, а займацца ягонай бядой - здрадай жонкі, сьмерцю дзіцяці ды г.д.

Вядома, што ня ўсе жыхары Беларусі цураюцца беларускай мовы, але, калі яны ня вельмі ведаюць адно аднаго, паводзяць сябе асьцярожна, нават у прыватных стасунках. У мяне ёсьць тэст, "пароль", які выяўляе "асьцярожнага беларуса". У размове я кідаю нейкае роднае слоўка і калі чалавек адгукаецца ці то ўсьмешкаю, ці то вільгацьцю вачэй, калі ён лагаднее і спрабуе вярнуць тую асалоду, якую атрымаў ад мілагучча роднай мовы, калі ён спрабуе мне адказаць на ёй, паўзабытай, я гатовы сьціснуць яго ў абдымках. Яго не перакруцілі! Нам не спрыяюць, перашкаджаюць, але мы зь ім заўсёды застанемся беларусамі.

Тэмы дыскусіяў

1. Што дае мне Беларуская Мова?

2. Як я прыйшоў да Беларускае Мовы?

3. Як я засвойваў Беларускую Мову?

4. Што я раблю дзеля Беларускае Мовы?

5. Як і з кім я размаўляю па-беларуску?

6. Што замінае мне цалкам перайсьці на Беларускую Мову?