mova.na.by Беларуская мова ў інтэрнэт - Каталёг рэсурсаў
Галоўная Дадаць рэсурс Кантакт
BY RU
» Беларуская мова
» Грамадзтва
» Адукацыя
» Беларускія ўстановы
» Пэрсаналіі
» Культура
» СМІ
» Праграмы (software)
» Парталы і каталёгі
» Іншае
» Артыкулы і кнігі


Ф.Вячорка, Утварэньне дзеепрыметнікаў у беларускай мове

Беларуская літаратурная мова ў пэўныя гістарычныя моманты разьвівалася пад уплывамі ці польскай, ці расейскай, ці іншых моваў. Утвораная (як і ўсе славянскія мовы) з праславянскай, яна захавала шэраг яе адметных рысаў, але ў той жа час шмат і згубіла. Некаторыя формы праславянскай мовы шырока выкарыстоўваюцца паўднёвымі славянамі. Многія ж страчаныя праславянскія граматычныя формы захавала і закансэрвавала стараславянская мова, пад уплывам якой фармавалася сучасная расейская мова. Але, нягледзячы на блізкасьць, паміж некаторымі славянскімі мовамі ўзьнікаюць разыходжаньні, выкліканыя разьвіцьцём моваў пад мясцовымі ўплывамі.

Гісторыя ўтварэньня дзеепрыметнікаў

Яшчэ ў праіндаэўрапейскай мове - зь якой узьнікла праславянская мова - дзеепрыметнік існаваў і абазначаў прыкмету дзеяньня. У праіндаэўрапейскай мове (пра што сьведчыць сучасная літоўская) дзеепрыметнікі выкарыстоўваліся ў шасьці формах: незалежнага й залежнага стану прошлага, цяперашняга, будучага часу дзеясловаў.

ПРАІНДАЭЎРАПЕЙСКАЯ Прошлы час Цяперашні час Будучы час
Незалежны стан
Залежны стан

Паступова формы будучага часу дзеепрыметнікаў выйшлі з выкарыстаньня ў індаэўрапейскіх мовах, акрамя, напрыклад, літоўскай, зь якой мы й можам рэканструяваць формы праіндаэўрапэйскай мовы. Акрамя гэтага, у літоўскай мове ў прошлым часе дзеепрыметнікаў вылучаюцца формы аднаразовага і шматразовага дзеяньняў:

ЛІТОЎСКАЯ Прошлы час Цяперашні час Будучы час
Незалежны стан аднараз шматраз
Залежны стан

У гэтым выпадку формы дзеепрыметнікаў дазваляюць дакладна выразіць прыкмету дзеяньня, канкрэтызаваўшы сэнс кожнай формы. Будучы час дзеепрыметнікаў, які амаль ні ў воднай мове не захаваўся, абазначае дзеяньне, якое прадмет мусіў выканаць. У беларускай мове ж часам ужываюцца толькі рэшткі формы гэтага часу: напр. будучы.

У стараславянскай мове XI-XII стст. дзеепрыметнікі шырока ўжываліся, але толькі ў чатырох формах: будучы час не ўжываецца. Формы дзеепрыметнікаў цяперашняга часу ўтвараліся пры дапамозе далучэньня да асноў суфіксаў -т'-; -нт-. Для параўнаньня суфікс -nt- удзельнічаў ва ўтварэньні дзеепрыметнікаў і ў астатніх індаэўрапейскіх мовах: vedont-, znajont-, chvalint-, лац. laudant-, літ. vižant-. Паступова ў стараславянскай мове, як і ў іншых індаэўрапейскіх, суфіксы зьліваліся з канчаткамі, што цяпер выражаецца ў адрозьненьнях ва ўтварэньні дзеепрыметнікаў у розных індаэўрапейскіх і славянскіх мовах. Напрыклад: chvalint-ja >> chvalęt'a: ст.-сл. хвалашта. Адбывалася асыміляцыя ўтваральных суфіксаў, напрыклад, t'>>štš>>št - асыміляцыя такога кшталту лягла ў аснову ўтварэньня дзеепрыметнікаў у баўгарскай мове; t'>>č - ва ўсходнеславянскіх мовах; t'>>c - у заходнеславянскіх.

Дзеепрыметнікі цяперашняга часу ў беларускай мове

У сучасных славянскіх мовах сустракаецца толькі чатыры формы дзеепрыметнікаў: прошлага і цяперашняга часу незалежнага і залежнага стану. Усе чатыры дагэтуль ужываюцца ў расейскай мове, якая паддалася найбольшаму ўплыву стараславянскай. Менавіта дзякуючы ўплыву стараславянскай, расейская мова захавала суфіксы -вш-, -ем-, -ющ-, якія дагэтуль шырока выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове.

РАСЕЙСКАЯ Прошлы час Цяперашні час
Незалежны стан рисовавший рисующий
Залежны стан рисованный рисуемый

У "Гістарычнай тыпалёгіі славянскіх моў" пад рэдакцыяй Мельнічука ўсе сучасныя славянскія мовы паводле граматычных разрадаў дзеепрыметнікаў дзеляцца на дзьве падгрупы, у адну зь якіх уваходзяць расейская й беларуская мова. Аўтары адзначаюць 5 агульных словаўтваральных тыпаў дзеепрыметнікаў у гэтых мовах.

  1. "Действительные настоящего времени с суффиксом -щ- (-ч-, -ущ-, -ащ-, -ющ-, -ящ-, -уч-, -ач-, -юч-, -яч-)". У беларускі прыклад кніга прыводзіць дзеепрыметнікі ідучы, бачачы, узрастаючы. Відавочна, што, аналізуючы ўтварэньне дзеепрыметнікаў, аўтары не зьвярнулі ўвагі на невыкарыстаньне такіх формаў у літаратурнай мове. "Граматыка беларускай мовы" (Мн., 1962 г. выданьня) вылучае, як магчымыя, суфіксы -уч-, -юч-, -ач-, -яч-, але й падкрэсьлівае, што "ўжываньне дзеепрыметнікаў, утвораных гэтымі суфіксамі для беларускай мовы не характэрна". Сёньня ня скажуць "зь нічога не бачачымі вачыма..." (М. Лынькоў) або "ўбачыла ідучага насустрач мужчыну" (П. Галавач). У сучаснай беларускай літаратурнай мове пры дапамозе суфіксаў -уч-, -юч-, -ач-, -яч- утвараюцца дзеепрыслоўі, у якія і пераўтварыліся дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага стану. Павал Сьцяцко ўтварэньне дзеепрыметнікаў праз гэтыя суфіксы таксама лічыць неўласьцівым беларускай мове: "гэтая чужая мадэль была перанесеная ў беларускую мову ў савецкі час з усесаюзнага стандарту - расейскае мовы, дзе такія ўтварэнні з -ущ-, -ащ-, -ющ-, -ящ- пад уплывам стараславянскае мовы набылі шырокае выкарыстанне ў кніжных стылях мовы."
  2. Падобная сытуацыя з утварэньнем дзеепрыметнікаў цяперашняга залежнага стану. Афіцыйная беларуская граматыка прапануе іх утвараць пры дапамозе суфіксаў -ем-, -ім-, але ў той жа час і згаджаецца з малаўжывальнасьцю дзеепрыметнікаў такіх формаў. Зьяўленьне гэткіх формаў у афіцыйных слоўніках і граматыках стала вынікам агульнасавецкай русіфікацыі, схаванай пад выглядам "взаимообогащения языков советских народов" ("Язык великого братства").

Пра штучнасьць для беларускай мовы ўтварэньняў зь дзеепрыметнікавымі суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ем-, -ім- шмат пісалася ў друку. Супраць іх выкарыстаньня ў беларускай літаратурнай мове выступалі такія знакамітыя майстры слова, як Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва ды іншыя. Якуб Колас падкрэсьліваў: "Без усялякай патрэбы і радыё і беларускія газеты засмечваюць мову неўласцівымі ёй формамі, як выдаткаваемая, засылаемая, брагада ўзначальваемая, навучаючыся, якія не бытуюць у беларускай мове". Новая акадэмічная "Беларуская граматыка" (Мн., 1985) пацьвярджае выснову граматыкі 1962 году: "Дзеепрыметнікі цяперашняга часу з часціцай -ся ... трэба лічыць парушэннем літаратурнай мовы." І сапраўды, у гіпатэтычна ўтвораным зваротным дзеепрыметніку (адкрыўшыйся, усталяваўшыйся, разгуляўшыйся) мы пабачым, што ў пэўных граматычных формах ён набывае канчатак -ый, а гэта разбурае граматычную норму дапасаваных словаў беларускае мовы (ён уласьцівы расейскай мове). Праўда, нават у некаторых выданьнях сямідзясятых гадоў мы можам пабачыць адваротныя афіцыйнай граматыцы правілы. Напрыклад, кніга А.А.Крывіцкага "Белорусский язык для небелорусов" не падае вышэйузгаданыя суфіксы як утваральныя і разглядае цяперашні час дзеепрыметнікаў як неўжывальны ў беларускай мове. Паводле кнігі, выкарыстаньне навязаных расейскай граматыкай суфіксаў "выклікае вялікі супраціў з боку ўсталяванай граматычнай традыцыі". У "Прыктыкуме па беларускай мове" (Мн., 1988) адзначаецца: "дзеепрыметнікі [з "навязанымі" -уч(-юч), -ач(-яч)] у беларускай гутарковай мове трацяць дзеяслоўныя рысы і пераходзяць у прыметнікі, у такім выпадку яны набываюць большую свабоду ўжывання." І сапраўды так, напрыклад: Лепш завяжы любімую хусцінку, сатканую з праменняў і нябёс, і хай нясе цябе, маю дзяўчынку, на лёгкіх крыльцах неўміручы лёс... (Аркадзь Куляшоў).

Такім чынам, можна сказаць, што ў беларускай літаратурнай мове дзеепрыметнікі цяперашняга часу незакончанага трываньня не ўжываюцца. Іх значэньне перадаюць іншыя часьціны мовы. Напрыклад, на месцы формы дзеепрыметніка цяперашняга часу незалежнага стану ў беларускай мове шырока ўжываюцца прыметнікі, а суфіксы -ем-, -м-, -ым- сталі прыметнікавымі. Функцыю дзеепрыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану звычайна бяруць на сябе прыметнікі:

1) утвораныя ад назоўнікаў (спагада - спагадлівы (сочувствующий), агонь - агністы (пламенеющий));

2) якія страцілі свае дзеяслоўныя рысы, утвораныя пры дапамозе дзеепрыметнікавых суфіксаў -ем-, -м-, -ым- (магчымы, вядомы, ядомы, знаёмы);

3) тэрміны, якія страцілі дзееяслоўныя ўласьцівасьці (інтэгроўны, вылучальны, кіроўны, крыжаваныя (вуглы), зямяняльны);

У сучаснай літаратурнай мове на месцы дзеепрыметнікаў незакончанага трываньня залежнага стану цяперашняга часу шырока ўжываюцца дзеепрыметнікі незакончанага трываньня прошлага часу. Часьцей за ўсё гэта ўтварэньні з суфіксамі -н-, -т-: маляваны, мураваны, роблены, пісаны, біты, кіраваны, катаваны ("Аглядаць ёсьць столькі, што даводзіцца толькі абмяжоўвацца стварэньнем агульнага вобразу агляданых рэчаў", - Янка Запруднік. "Вярнуўся я назад і, кіраваны благім прадчуцьцем, кінуўся да калыскі, але дзіцё ў ёй спала крэпкім сном, пасьля доўгіх дзён, першы раз, роўна аддыхаючы", - Вацлаў Ластоўскі). Такое ўтварэньне дзеепрыметнікаў шырока распаўсюдзілася на дзеясловы, утвораныя ад запазычаных асноваў: кантраляваны, кантактаваны, каардынаваны, ігнараваны ("Свае звычкі, свае правілы паводзінаў - акрэсленыя інструкцыямі і кантраляваныя дазорнымі маралі", - ЛіМ, 23.11.1973. "Кабыла зусім не хацела разумець бацькавай крыўды і здзіўлена пазірала на слаба каардынаваныя рухі свайго гаспадара", - А. Мрый). Доказам апраўданасьці ўжываньня формаў дзеепрыметнікаў з такім утварэньнем можна лічыць прыметнікі каханы або кансерваваны. Відавочна, што гэта калісьці былі дзеепрыметнікі, якія паступова згубілі дзеяслоўныя рысы. І ўтвораныя яны менавіта пры дапамозе суфіксу -ан-.

Нярэдка на месцы штучных утварэньняў з -уч-, -ач-, -ем-, -ім- выступаюць аддзеслоўныя назоўнікі: множнік (множымае), нападнік, пачатковец, вернік, вайсковец.

У жывой народнай мове распаўсюджаныя прыметнікі, якія страцілі свае дзеяслоўныя асаблівасьці, утвораныя пры дапамозе суфіксу -уч-, -юч-: гаваручы, кусучы, ляжачы ды інш. (А брат яго такы говоручы; брата жона красывава, така говоруча / Ботава Пінскага раёну).

Разгледзім спосабы ўтварэньня дзеепрыметнікаў цяперашняга часу ў іншых славянскіх мовах. Суфіксы -уч- і -ач- (ці іх разнавіднасьці) як спадчына праславянскай мовы захаваліся ў шэрагу славянскіх моў. Як сьцьвярджае "Историческая типология славянских языков", дзеепрыметнікавыя суфіксы (-щ-, -уч-, -ąс-, -ouc-, -ic-, -uc-, -iac-, -č-) сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах (за выключэньнем македонскай зь яе асаблівасьцямі ва ўтварэньні дзеепрыметнікаў). Насамрэч: ва ўкраінскай - сохнучий, дуючий, летячий; у польскай - piszący; у чэскай - nesouci, dělajici; у славацкай - veduci; у баўгарскай - четещ, стрелящ, желающ; у сэрбскахарвацкай - идући, носећи; у славенскай - proseč, vedoč - ўсе гэтыя формы зьяўляюцца малаўжывальнымі ў прыведзеных літаратурных мовах, а ў размоўных не сустракаюцца наогул. Ва ўкраінскай, беларускай і сэрбскахарвацкай мовах колькасьць гэткіх дзеепрыметнікаў значна абмежаваная. Адрозьненьне выкліканае ступеньню страты пэўных формаў, што засталіся ў спадчыну з праславянскай мовы.

Паводле ўтварэньня дзеепрыметнікаў пры дапамозе суфіксаў на -м- славянскія мовы можна падзяліць на дзьве групы: якім характэрныя дзеепрыметнікі на -м- і якім не характэрныя. Суфіксы на -м- найбольш уласьцівыя расейскай мове, якая ўвабрала ў сябе шэраг асаблівасьцяў з праславянскай і стараславянскай моваў. Аўтары "Граматыкі беларускай мовы" (Мн., 1962 г.) сьцьвярджаюць, што для дзеепрыметнікаў у беларускай мове характэрныя дзеепрыметнікавыя ўтварэньні на -м-, у выніку чаго некаторыя мовазнаўцы адносяць нашу мову да першай падгрупы. Але ж, прааналізаваўшы становішча ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, можна пераканацца, што формы на -м- выйшлі з выкарыстаньня ці пераўтварыліся ў якасныя прыметнікі (любімы, вядомы), таму і нельга іх разглядаць як дзеепрыметнікі. У другую ж уваходзяць усе астатнія славянскія мовы, якія страцілі гэтыя формы, характэрныя праславянскаму дзеепрыметнікаваму ўтварэньню.

Дзеепрыметнікі прошлага часу незалежнага стану ў беларускай мове

У прошлым часе дзеепрыметнікі ўжываюцца ў дзьвюх формах, і то незаўсёды: у форме незалежнага стану і залежнага (пераходнага). У праславянскай мове існавала яшчэ адна форма: непераходнага залежнага стану, якая зараз шырока распаўсюджана ў расейскай літаратурнай і паўднёваслаявянскіх мовах. (черневший, бежавший).

Утварэньне пераходных дзеепрыметнікаў прошлага часу незалежнага стану, як і ў цяперашнім, выклікае шэраг пытаньняў. У савецкія часы было шмат чаго навязана, у тым ліку і дзеепрыметнікавы суфікс -ўш-, -ш-, з чаго мова і была напоўненая ўтварэньнямі кшталту пабываўшая, усталяваўшая, абсьмяяўшая, апрацаваўшы, пакараўшая, праросшая. Як адзначаецца ў кнізе "Белорусский язык для небелорусов": "дзеепрыметнікі ж з суфіксам -ўш (-ш-) чужыя моўнай культуры, якая апіраецца на традыцыі вуснай народнай гаворкі". І сапраўды, бо формы такога кшталту ўсё менш і менш ужываюцца ў беларускай літаратурнай мове і не ўжываюцца ў гутарковай. У беларускай мове дзеепрыметнікі на -ўш (-ш-) былі страчаныя яшчэ ў сярэднявеччы й адноўленыя ў савецкія часы. Але відавочна, што замацаваліся нетрывала і паступова ў літаратуры спыняюць ужываньне.

Выкарыстаньне -ўш (-ш-) выклікае шэраг пытаньняў з правапісам дзеепрыметнікаў з гэтымі суфіксамі. Бо, прыкладам, разам з такімі формамі ў беларускую мову з расейскай прыйшлі зваротныя дзеепрыметнікі на -ся (усталяваўшыйся, гуляўшыйся, вучыўшаяся), якія разбураюць граматычную норму дапасаваных словаў беларускае мовы.

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ў беларускай мове (як і ў шэрагу іншых славянскіх) ўтвараюцца пры дапамозе суфіксу -л-: пазелянелы, збуцьвелы, прыціхлы, прамерзлы, завялы, паздаравелы, закіпелы. Такія формы набываюць усё большае распаўсюджваньне ў літаратурнай мове, а ў дыялектах існуе наогул шэраг разнастайных формаў падобнага ўтварэньня:

1) У некаторых выпадках дзеепрыметнікі на -л- ужываюцца ў якасьці прыметнікаў (пасівелы, палеглы).

2) Формы кшталту счарнелы, наеты сярэднезваротнага стану (невядома, ці над ім выконваецца дзеяньне ці ён яго выконвае).

Між тым, суфікс -ўш (-ш-) мае багатую гісторыю. Ён шырока ўжываўся ў дзеепрыметнікаў у праславянскай мове, затым у стараславянскай. Празь некаторы час адбыўся падзел сярод славянскіх моваў на тыя, у дзеепрыметніках якіх захаваўся -ўш (-ш-), і на тыя, у якіх замест гэтага суфіксу набыў распаўсюджваньне суфікс -л-. Такім чынам, можна вылучыць дзьве групы моваў, паводле ўжываньня ў дзеепрыметніках пэўных суфіксаў:

  1. якія маюць утварэньне дзеепрыметнікаў на -ш- (-вш-, -ўш-, -š-, -vš-): чэская, славацкая, славенская, расейская (р. спевший, укр. перемигший, ч. nesši; dělavši, слц. vzavši, слн. rekši, stopivši, začenši);
  2. для якіх суфікс -ўш- (і яго формы) не характэрныя: усе астатнія (укр. зачерствілий, вгрузлий, сэрбхарв. пекла, тресла, умрло).

Да апошняй групы можна аднесьці й беларускую мову.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове суфікс -ўш- захаваўся, але не ў дзеепрыметніках, а ў дзеепрыслоўях (пайшоўшы, зрабіўшы, памыўшы, рашыўшы).

Дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану ў беларускай мове

Дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану шырока распаўсюджаныя і часта ўжываюцца ў беларускай мове: намаляваны, зроблены, пабіты, пасівелы, абамшэлы, напісаны... Атрыманыя ў спадчыну з праславянскай суфіксы -н-, -т-, -ан-, -ен- шырока распаўсюдзіліся ў літаратурных славянскіх мовах. Такім спосабам, напрыклад, дзеепрыметнікі ўтвараюцца ва ўкраінскай мове, дзе выкарыстаньне вышэйзгаданых суфіксаў марфалягічна абумоўлена (списаний, міряний, нанизуваний). Падобна дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану ўтвараюцца ў сэрбскахарвацкай і расейскай мове (несенный, отбитый).

У беларускай мове суфіксы -н-, -т-, -ан-, -ен-, -ян- захаваліся і шырока распаўсюджаныя ва ўсіх стылях мовы. Выкарыстаньне таго ці іншага суфіксу абумоўліваецца правіламі ўтварэньня дзеепрыметнікаў, напрыклад: пра дапамозе суфіксу -т-.

Вельмі часта дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага стану ўжываюцца ў ролі выказьніка. У гэтым выпадку дзеепрыметнікам у большай ступені ўласьціва дзеяслоўнасьць, і яны па сутнасьці выступаюць не як дзеяслоўна-іменныя формы, а як чыста дзеяслоўныя формы. У такім выпадку дзеепрыметнікі часта выкарыстоўваюцца ў кароткай форме (зроблена, вышыты, прыбіта, пабіт), якая гістарычна не характэрная беларускай мове: Усё дасягнута ў змаганні і працы (К. Чорны).

У беларускіх гаворках шырока ўжываюцца дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу, якія ўтвараюцца ад асновы дзеяслова пры дапамозе суфіксаў -н-, -ен-, -ан-, -он-, -т-: якая я мучоная, усю жызьню мучуся (Бяларучы Лагойскага р-ну); паджарано або зварано, так можно есьці (Кайшоўка Карэліцкага р-ну); дзеўкі разадзетыя, чыста каралевы, што адзетыя, тык адзетыя (Спрынды Браслаўскага р-ну). У паўночна-ўсходніх гаворках наглядаюцца фанэтычныя варыянты суфіксу -ан- > -ын-, -ън-, -ьн-: коні атмуздыны, пр'ішоў зацупыный (Мсьціслаўскі р-н); дабудзь грошы, мацерію і сваю і купльную (Старынкі Віцебскага р-ну).

Ужывальнасьць дзеепрыметнікаў у беларускай літаратурнай мове. Выснова.

Такім чынам, з вышэйразгледжанага пра дзеепрыметнікі можна вывесьці табліцу іх натуральнага ўжываньня ў беларускай мове:

БЕЛАРУСКАЯ Прошлы час Цяперашні час Будучы час
Незалежны стан пер. не характэрныя не характэрныя прыклад: будучы
непер. прыклады: пазелянелы, збуцьвелы, прыціхлы, прамерзлы, завялы, паздаравелы
Залежны стан прыклады: зроблены, пабіты, пасівелы, абамшэлы, напісаны, намаляваны прыклады: роблены, біты, ігнараваны, каардынаваны, пісаны, маляваны

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што для беларускай мовы з 7 асноўных відаў дзеепрыметнікаў індаэўрапейскай мовы, зь якой утварылася і беларуская, характэрныя і шырока ўжываюцца толькі 3 формы: непераходныя прошлага часу незалежнага стану, прошлага часу залежнага стану, цяперашняга часу залежнага стану. Утварэньне астатніх жа формаў даецца ў "Беларускай граматыцы" (1962 г.), але іх ужываньне ненатуральнае, бо было навязанае, падчас савецкага "збліжэньня славянскіх моваў да расейскай", у якой ўсе гэтыя формы захаваліся і цяпер шырока распаўсюджаныя.

На працягу XX ст. было многае навязанае беларускай мове: мова шмат страціла са свайго лексычнага запасу, была фактычна забароненая клясычная беларуская граматыка. Аднак цяперака мы можам назіраць зьяву, калі ўсё непатрэбнае адпадае, а нехарактэрнае замяняецца клясычным. Мы пераканаліся, што ўсё навязанае паступова выходзіць з ужываньня, а запатрабаванае і прынятае народам - захоўваецца і разьвіваецца; тыя ж формы дзеепрыметнікаў, характэрныя для расейскай, украінскай, сэрбскай ды іншых славянскіх моваў, але не характэрныя беларускай мове, перасталі ўжывацца.

Франак Вячорка

Ужытая літаратура

  1. Граматыка беларускай мовы Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, том 1 "Марфалогія". Мн., 1962.
  2. Историческая типология славянских языков. Академия наук украинской ССР, Институт языковедения имени А.А. Потебни. Киев, 1986.
  3. Русско-белорусский словарь. Академия наук Беларуси, Институт языкознания имени Якуба Коласа. Мн., 1993.
  4. Украинская грамматика. Академия наук Украинской ССР, Институт языковедения имени А.А.Потебни. Киев, 1986.
  5. Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія. Мн., 1980.
  6. Булахов М. Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков. Мн., 1979.
  7. Выгонная Лілія. Беларуская мова для цікаўных. Таямніцы прынцыпаў арфаграфіі // Роднае слова. Мн., 2000 No. 5.
  8. Гётэ Ёган Вольфган пераклад Васіля Сёмухі. Фаўст. Мн., 1976.
  9. Запруднік Янка. Дванаццатка. NY, 2002.
  10. Иванов В.В., Михайловская Н.Г., Панькин В.М. Язык великого братства. М., 1986.
  11. Камароўскі Я.М., Мяцельская Е.С. Беларуская мова - дапаможнік для абітурыентаў. Мн., 1993.
  12. Каўрус Алесь. Словы без прапіскі, пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы // Роднае слова. Мн., 1999 No. 7.
  13. Каўрус Алесь. Словы без прапіскі. Пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы // Роднае слова. Мн., 2000 No. 5.
  14. Кривицкий А., Михневич А., Подлужный А. Белорусский язык для небелорусов. Мн., 1973.
  15. Лепешаў І.Я., Малажай Г.М., Панюціч К.М. Практыкум па беларускай мове. Мн., 1988.
  16. Селищев А. М. Старославянский язык. М., 1952.
  17. Сухая Т., Еўдакімава Р., Траццякевіч В., Гудзень Н. Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ. Мн., 1993.
  18. Сцяцко П. Праблемы нормы, культуры мовы. Гродна, 1998.
  19. Sereiskis B. Lietuviškai-rusiškas žodynas. Kaunas, 1934.
  20. Тарашкевіч Браніслаў. Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1929.

ZIP Сьцягнуць артыкул: Dziejaprymietnik.doc